Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Гішпанія”. Музыка Ч.Карыа. Аранжыроўка С.Горына. Цэнтральны міліцэйскі аркестар МУС Беларусі. Альбом “Цэнтральны міліцэйскі аркестар МУС Беларусі”, “Ковчег”, 2002



Памятаецца, у школьныя гады краіны Гішпанія зьвязвалася ў сьвядомасьці савецкіх школьнікаў амаль выключна зь вядомымі ў той час радкамі Міхаіла Сьвятлова пра хлопца і ягоную гішпанскую грусьць. Сёньня на месца гэтых ідэалягічных вершаў прыйшлі гішпанскія курорты, клюб “Рэал” з Мадрыду ды гішпанамоўная музыка.

Сапраўды, беларускаму хлопцу ў дачыненьні да цяперашняй Гішпаніі ёсьць пра што сумаваць. Творчасьць многіх гішпанскіх музыкантаў зрабілася цяпер ці не эталёнам для тых беларускіх хлопцаў, што выбралі сваёй прафэсіяй музыку. У тым ліку і для тых, хто выконвае музыку, носячы фірмовы мундыр. Як хоць бы для музыкаў Цэнтральнага міліцэйскага аркестра МУС Беларусі, для тых, каго я ў адной з папярэдніх праграмаў, здаецца, вельмі ўдала назваў джазментамі.

І цяпер я ведаю, адкуль тая гішпанская грусьць у музыкаў міліцэйскага бэнду. Старшы лейтэнант аркестру Сьцяпан Горын аранжыраваў для выдадзенага сёлета альбома тэму “Spain” выдатнага па паходжаньні гішпанскага піяніста ды кампазытара Чыка Карыа, тэму, якая ў джазавай музыцы даўно дасягнула статусу сучаснага стандарту.

Ня ведаю, па чым сумуюць хлопцы ў беларускіх міліцэйскіх мундырах, калі выконваюць такую музыку. Магчыма, пра тамтэйшыя кашары зь відам на Гібралтар ці службу ў адпаведным аркестры МУС Гішпаніі. Адно мушу засьведчыць: прачытаньне беларусамі гішпанскай тэматыкі атрымалася ўдалым, хоць, магчыма, нашаму бэнду і не стае тут яскравага саліста.

Трэба прызнаць: у бліжэйшыя гады сам Чык Карыа беларускі міліцэйскі мундыр наўрад ці захоча прымерыць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG