Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Оле-оле”. Музыка Л.Вольскага, словы Л.Вольскага і А.Сушы. Розныя выканаўцы. Альбом “Я нарадзіўся тут”, выдавец не пазначаны, 2000



Новы адборачны цыкль чэмпіянату Эўропы па футболу прынес беларускім заўзятарам новыя трывогі. Галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай спадар Малафееў раптам вырашыў падаць у адстаўку. Якія адносіны мае ягоная заява да праграмы “Мэлёдыя дня”? Пра гэта ніжэй.

Як высьветлілася, ці не галоўная прычына, якая змусіла спадара галоўнага трэнэра падаць у адстаўку, — гэта нападкі на яго прэсы. Шаноўны Эдуард Васільевіч! Ня прэса тут вінаватая, а, прабачце, вы самі.

Ва ўсім сьвеце людзі, якія апынуліся ў цэнтры грамадзкае ўвагі, на прэсу, прынамсі, не зважаюць, бо разумеюць: быць галоўным іх ніхто не змушаў. А калі ты ўжо апынуўся пад пільным вокам прэсы, будзь гатовы чуць ва ўласны адрас самае рознае, у тым ліку і тое, што цябе раздражняе.

Хоць, здавалася б, прычынаў крыўдаваць на прэсу ў спадара Малафеева ня было: пяць запар бяспройгрышных матчаў нацыянальнай зборнай — добры паказчык. Дый беларуская музыка сваёй увагай футбол не абыходзіць. Прыгадаю хоць бы вельмі папулярную ў 80-я гады песьню “Наперад, “Дынама”!” групы “Сузор’е”.

Сёньня такой песьняй, якая здольная аб’яднаць заўзятараў, зьяўляецца “Оле-оле!”, выдадзеная на альбоме “Я нарадзіўся тут”. Шчырая такая песьня, як і шчыры футбол Эдуарда Малафеева, праўда, вырашаная ў даволі моднай лаціна-амэрыканскай стылістыцы.

Што й казаць: прайграць зборнай Галяндыі — гэта, зрэшты, невялікі сорам. Сорам уцякаць, ня выканаўшы ўсяго, на што ты здольны. Тут ужо, прабачце, і найлепшыя песьні не дапамогуць. А для тых, хто застаецца разам з нашым футболам, няхай гучыць мэлёдыя гэтага дня — песьня “Оле-оле!”, якая, магчыма, здольная згуртаваць вакол сябе ня менш людзей, чым уся зборная Беларусі, хто б ёй, зрэшты, не кіраваў.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG