Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Журавы”. Аранжыроўка Івана Кірчука. Этна-трыё “Тройца”. Альбом “Журавы”, “Pan Records”, Netherlands, 2001



Ня ведаю, як журавы, а вось буслы заўсёды вяртаюцца ў родныя мясьціны. Што да журавоў, дык этна-трыё “Тройца”, запісаўшы ў Галяндыі альбом пад менавіта такой назваю, вярнуліся дадому і дамагліся таго, што альбом той быў выдадзены ў Беларусі па ліцэнзiі. Нехта можа радавацца, а вось праграма “Мэлёдыя дня” — ня вельмі.

Справа тут вось у чым. Вельмі прыкра, што беларускія музыканты, якія працуюць, грунтуючыся на музыцы нацыянальнай, часьцей куды больш запатрабаваныя за мяжой, чым на радзіме. Тут, у Беларусі, народу навязаны той тып псэўдафальклёру, што ўласна зрабіўся гэткім адгалінаваньнем, па сутнасьці, клясычнае папсы. Той, хто ня ўспрымае фальклёр як кансэрвы і спрабуе прачытаць яго, ідучы ў нагу з сучаснасьцю, ломіць шаблоны, чаго ў нас вельмі ня любяць.

Згодны, дастаткова экзальтаваная манэра выкананьня музыкі этна-трыё “Тройца”, незалежніцкая пазыцыя лідэра Івана Кірчука некага могуць і раздражняць. Аднак тое ня справа, калі ён хутчэй атрымае званьне ў Галяндыі, дзе запісваецца з калегамі і выступае, чым на радзіме. Хоць сытуацыя гаворыць сама за сябе: Міністэрства культуры Беларусі далей за дзьверы кабінэта міністра зазіраць ня ў стане. Ну блізарукае яно, дзе тая радзіма — ня бачыць, і куды вяртацца — ня ведае. Ня кажучы ўжо пра тое, каб прадаць хоць бы адну ліцэнзiю ў Галяндыю.

Між тым, на двары ўжо восень, птушкі, як і артысты, рыхтуюцца да адлёту за мяжу. І адно беларускі Мінкульт слупом тырчыць на зямлі з выпаленай культурай і не жадае нікога бачыць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG