Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Вітальная”. Словы, музыка і выкананьне — Аляксандар Памідораў. Альбом “Сьвята скрадзенае”, “Pomidoroff Rec. Ltd.”, 2002



Сьвяты розныя бываюць. Ёсьць сьвята чаканае, ёсьць — неспадзяванае. Аднак не бывае сьвятаў сумных ды непрыемных. Хоць адзін з беларускіх музыкантаў і заявіў нядаўна, што сьвята можна проста скрасьці.

Такім чынам, аўтарскі альбом Аляксандра Памідорава пад назваю “Сьвята пакрадзенае” ўжо дачакаўся першых водгукаў у прэсе. Нядзіўна, што былі яны супярэчлівыя: сама стылістыка выдадзенай музыкі спалучала ў сабе рэчы часам узаемавыключальныя. Да таго ж, сваю ролю адыгралі і тэксты песень — рэзкія, прамыя, поўныя часам адкрытай публіцыстыкі і вострых выказваньняў.

Даўнавата не было ў беларускай музыцы такіх цалкам рокавых паводле натуры сваёй праграм. Ня ўсім гэтая музыка будзе да спадобы. Думаю, таго не дамагаўся і сам Аляксандар, які нават выказаў задавальненьне з таго факту, што ягоныя нефарматныя песьні ня будуць гучаць у радыёэфіры. Але гэта гледзячы якіх станцый. Для праграмы “Мэлёдыі дня” паняцьця фармат, як вядома, не існуе. Песьняй “Вітальная” яна яшчэ раз вітае спадара Памідорава з работай нестандартнай, крута замешанай на спалучэньні традыцый гард-року з рэпавай стылістыкай. Слухаецца цяжка і нязвыкла, але ж і прабівае глыбока.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG