Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “Касіў Ясь канюшыну”. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Песьняры”, “Мелодия”, 1971 г.



Сёньняшні дзень шмат у чым адметны. Па-першае, пачатак каляндарнай восені. Па-другое, пачатак чацьвертага кварталу, як праграма “Мэлёдыя дня” гучыць у эфіры. Па-трэцяе, дзень ведаў, да якога мы падрыхтаваліся належным чынам.

Нагадаю, што мы слухалі на гэтым тыдні. Група “Бонда” песьняй “Слуцкая брама” закранула тэму зьберажэньня архітэктурнае спадчыны, Леанід Барткевіч таксама зьвярнуўся да духоўнае спадчыны ў песьні “Беларускі салавей”, ансамбль “Купалінка”, седзячы на “Шэрай лашадцы”, езьдзіў сватацца да чарнабровай дзяўчоначкі. Група “Камэлот” у песьні “Дуда, лютня ды бубен” узьняла важкі пласт стылізацыі старадаўняй песеннай культуры беларускіх гарадоў, Карыяна песьняй “Measures” зрабіла заяўку на ўдзел у конкурсе “Эўрабачаньня” наступнага году, а Зьміцер Бартосік пераканаўча сьцьвердзіў “Тут Беларусь”, а ня нешта такое іншае адміністрацыйнае.

І калі засяроджвацца на дні ведаў, ён у дачыненьні да музыкі можа, канешне ж, чытацца ў розных сэнсах. Але найбольш слушным будзе, думаецца, тое, што дзень гэты дае падставы ня толькі на тое, каб знаёміць вас зь нечым новым, але й нагадаць тое, што існуе ўжо шмат гадоў. Бо веды дня сёньняшняга грунтуюцца на досьведах таго, што ўжо ёсьць.

Вось чаму сёньня гучаць будзе клясыка, славуты шлягер “Касіў Ясь канюшыну” ў выкананьні ансамбля “Песьняры”, твор, які, без перабольшаньня, зрабіў усясьветную кар’еру. Гэта было ўвасабленьне ведаў Уладзімера Мулявіна і ягоных калегаў з самага пачатку 70-х мінулага ўжо стагодзьдзя, адзін зь першых у нашае краіне вопытаў апрацоўкі народнай песьні для вялікай сцэны.

Так закладаўся падмурак сёньняшняй беларускай папулярнай музыкі, пра што, канешне, ведаць трэба абавязкова.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG