Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Слуцкая брама”. Музыка Ігара Варашкевіча, словы Сяргея Кныша, аранжыроўка Івана Маркава. Група “Бонда”. Альбом “Бонда”, “Ковчег”, 1999



У гісторыі музыкі маецца мноства твораў, якія, здавалася б, ніколі не сягалі рангу шлягера, аднак, тым ня менш, рабіліся своеасаблівымі візытоўкамі таго ці іншага выканаўцы альбо калектыву. Такой візытоўкаю беларускай групы “Бонда” можна лічыць песьню “Слуцкая брама”, якую праграма “Мэлёдыя дня” і прапануе вашай увазе сёньня.

Я разумею, што ў маёй сэнтэнцыі можна даволі лёгка адшукаць недакладнасьць. І сапраўды: калі б гэтая песьня зьявілася ў нашыя дні, пры пэўнай раскрутцы на радыё яна магла б лёгка зрабіцца творам шлягернага маштабу.

Аднак у 1986 годзе, калі яе напісаў Ігар Варашкевіч на словы Сяргея Кныша, калі яе аранжаваў Іван Маркаў, рэаліі былі іншыя. FM-станцый, напрыклад, наагул не існавала, а для Беларускага тэлебачаньня — кажу гэта зь вяршыні ўласнага досьведу — творчасьць групы “Бонда” была ня проста нецікавай, а хутчэй нават непатрэбнай.

Тым ня менш, групу гэтую пазнавалі падчас канцэртаў найперш менавіта па гэтай песьні. І па іншых, зразумела, таксама.

“Слуцкая брама”, праўду кажучы, пісалася пад безумоўным уплывам музыкі прадстаўнікоў тагачаснай польскай “млодэй генэрацыі”, і для тых, хто больш-менш знаёмы з той музыкай, уплыў гэты лёгка адчувальны. Аднак на той час такая музычная мова была для Беларусі пэўным адкрыцьцём.

Цяпер жа гэтую песьню мы ўспрымаем ужо як своеасаблівы помнік часу, эпосе, стылістыцы. Нягледзячы ні на што, песьня гэтая застаецца жыць у часе і ў інфармацыйнай рок-прасторы. “Слуцкая брама” можа цяпер успрымацца нават як нейкі наіў, але разам з тым ня губляе сваёй значнасьці як нераскручаны шлягер сярэдзіны 80-х.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG