Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Цудоўны вечар”. Музыка Касі Камоцкай, словы Міхала Анемпадыстава. Аранжыроўка і выкананьне групы “Новае неба”. Альбом “More каханьня”, “БМА груп”, 2001



Калі дзень у вас атрымаўся ўдалы, прыемна па ягоным заканчэньні паслухаць добрую музыку. Калі ўдалым атрымаўся ўвесь тыдзень, варта паслухаць праграму “Мэлёдыя дня” і згадаць, што вы маглі праслухаць на працягу папярэдніх шасьці дзён.

Пачалі мы тыдзень зь песьні “Матка Боска Вастрабрамска” ў выкананьні Веранікі Кругловай і ўдзельнікаў супольнага музычнага праекту “Народны альбом”, прадоўжылі яго ў аўторак клясычным творам беларускай папулярнай музыкі песьняй “Александрына” ў клясычнай жа вэрсіі “Песьняроў”, якой аўтар і вядучы праграмы дазволіў павіншаваць сябе зь неверагодным юбілеем. На наступны дзень мы нагадалі творчасьць ляўрэатаў другой прэміі сёлетняга “Славянскага базару” дуэту “Аляксандра і Канстанцін”, пасьля чаго Аляксандар Памідораў без Канстанціна прадставіў музычны варыянт інструкцыі, як стаць беларусам. Квінтэт саксафаніста Ігара Сафонава нагадаў кампазыцыю “Танец русалак” Уладзімера Ткачэнкі, а ўдзельнікі міжнароднага праекту “Крыві” шчодра дзяліліся тым, што яны маюць, у міжнароднай жа песьні пад назваю “Ў цябе, у мяне”.

Цудоўнае заканчэньне цудоўнага, спадзяюся, тыдня варта завяршыць адпаведным чынам. Гэтаму выдатна адпавядае песьня, якая так і называецца — “Цудоўны вечар”, створаная Касяй Камоцкай і Міхалам Анемпадыставым для самой Касі Камоцкай і групы “Новае неба”. Аранжыроўка групы “Новае неба”. Гэта паводле настрою такая спагадлівая, мяккая песьня, вытрыманая ў настроі наагул лірычнай баляды. Ашчаднае гучаньне гітар, стрыманыя тэмбры і такая ж спагадлівая вакальная манэра Касі Камоцкай ствараюць адпаведны настрой, які цалкам адпавядае назьве твора.

Магчыма, песьня тая і не настолькі папулярная, як іншыя, вядомыя па выкананьні Касі Камоцкай, але пры ўмове адпаведнай раскруткі яна напэўна сталася б калі ня шлягерам, дык адным з тых грунтоўных твораў, на якіх трымаецца рэпэртуар кожнага выканаўцы. Песьня “Цудоўны вечар” пры канцы цудоўнай мэлядыйнай нядзелі і, адпаведна, цудоўнага тыдня, які вы правялі, спадзяюся, разам з “Мэлёдыяй дня”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG