Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Ў цябе, у мяне”. Аранжыроўка і выкананьне —“Крыві”. Альбом “More каханьня”, “БМА груп”, 2001



Што ёсьць у цябе? Што ёсьць у мяне? Напэўна, рознае. І калі тое рознае, што маецца ў музыцы розных народаў, аб’ядноўваецца ў адно, узьнікае музыка, якая атрымала вызначэньне “ўорлд м’юзік”. Не абмінуў той працэс й Беларусь, дзе найбольш яскравым прадстаўніком гэтага напрамку зрабілася, бадай, група “Крыві”.

Праўду кажучы, “Крыві” ўчора і “Крыві” сёньня — гэта рэчы дастаткова адметныя. Пасьля зыходу з групы Зьміцера Вайцюшкевіча “Крыві” захаваліся, але, натуральна, зьмяніліся. Прынамсі, на адным з апошніх у Менску канцэртаў група выступала як квартэт: Вераніка Круглова, Піт Паўлаў, Аляксей Сапоненка, які барабаніць на дарбуцы, і акадэмічны паводле адукацыі скрыпач Карэн Карапецян. Масуд Талібані, які раней актыўна ўдзельнічаў у канцэртах ды запісах “Крыві”, зьехаў на радзіму ў Курдыстан, адкуль актыўна тэлефануе і спадзяецца, што хутка зможа вярнуцца “дадому ў сваю Беларусь”.

Песьня “Ў цябе, у мяне” была запісаная яшчэ тымі, старымі “Крыві” якраз з удзелам Масуда. Гэта паводле зьместу — спалучэньне курдзкай народнай песьні зь беларускай вясельнай. Надзвычай арыгінальна і нечакана. Удзельнікі запісу ўзялі тое, што мелі адны і другія, паспрабавалі аб’яднаць гэта, і аказалася, што фальклёр розных народаў сябруе куды лепей, чым часам самі тыя народы. Беларуска-курдзкі праект “Куркрыві” у запісе дзьвюхгадовай даўніны.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG