Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная кампазыцыя “Танец русалак”. Музыка і аранжыроўка Ўладзімера Ткачэнкі. Квінтэт Ігара Сафонава. Альбом “Misty”, “Ковчег”, 1996



Цяжка сказаць, пачынаючы ад якога году можна весьці адлік гісторыі беларускай папулярнай музыкі. Цалкам магчыма, з 1939 году, калі быў утвораны Дзяржаўны джаз-аркестар Беларускай ССР пад кіраўніцтвам Эды Розьнера. Аднак у кожным выпадку ў гісторыі той ужо ёсьць імёны, так бы мовіць, хрэстаматыйныя. Хоць, магчыма, і не настолькі шырока вядомыя, як тое павінна было быць.

Адно з гэтых імёнаў — Ігар Сафонаў, якога яшчэ шырока ведалі па мянушцы Стэф. У рамках праграмы я ўжо неаднойчы расказваў пра яго самога і тую ролю, якую адыграў музыкант у разьвіцьці інструмэнтальнага жанру айчыннай папулярнай музыкі. Магу адно паўтарыць: музыка Стэфа — гэта тая школа, спасьцігнуць якую імкнуцца многія маладыя саксафаністы і сёньня, калі, здавалася б, у модзе іншыя манэры выкананьня, новая музычная мова і, адпаведна, новыя аўтарытэты. Але клясыкам, заўважу, забыцьцё не пагражае.

Кампазыцыя “Танец русалак” Уладзімера Ткачэнкі, які ў свой час зьяўляўся ўдзельнікам ансамбляў Ігара Сафонава, годна дэманструе як музычныя прыхільнасьці знакамітага саксафаніста, так і ягоную манэру. Твор гэты абапіраецца на народныя матывы, хоць і вырашаны ў цэлым ва ўласьцівай джаз-року стылістыцы. Зрэшты, менавіта калектывы, кіраваныя Стэфам, сталіся першымі ў беларускім джазе, якія не цытавалі фальклёр, а пераўтваралі яго ў якасна новы матэрыял. Запіс гэты канцэртны, зроблены падчас фэстывалю “Віцебская восень” 1988 году. Стэф на саксе, Уладзімер Ткачэнка на гітары, Леанід Златкін на клявішных, Юры Пікус за рытм-кампутарам, Барыс Бернштэйн на бас-гітары. Выдатная музыка, якая, здаецца, аніяк не старэе. Помнім Стэфа і пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG