Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Быць беларусам”. Музыка, словы і выкананьне — Аляксандар Памідораў. Альбом “Сьвята пакрадзенае”, “Памідораў Рэкардз Лтд”, 2002



Кожная навінка на беларускім музычным рынку — ужо зьява. Хоць бы таму, што такое здараецца ня так часта, як хацелася б. Асабліва тады, калі новы альбом па-новаму, нечакана сьведчыць творчае аблічча музыканта, пра якога, здавалася б, ты ведаеш калі ня ўсё, дык, прынамсі, шмат.

“Сьвята пакрадзенае” — такую назву атрымаў альбом, пазначаны як сольны праект Аляксандра Памідорава. Чалавек ён у айчыннай папулярнай музыцы, здавалася б, даволі вядомы, аднак па праграме “П’яныя госьці” гэты альбом — толькі другі ў творчым даробку музыканта.

Аляксандр прызнаўся, што здаўна зьяўляецца прыхільнікам жорсткай, цяжкай музыкі, і гэта актыўна паўплывала на ягоную па-сапраўднаму першую сольную праграму. Перш за ўсё — на гукавую яе палітру і падачу матэрыялу. Аж да таго, што наш сыньёр Памідор прызнаўся, што ён надзвычай задаволены: сярод 11 нумароў праграмы няма аніводнага шлягера, прыдатнага для ратацыі ў праграмах айчынных FM-станцый.

Своеасаблівае спалучэньне рэпавай манэры выкладаньня тэксту з суправаджэньнем у стылістыцы, якая яўна абапіраецца на хард-рокавую традыцыю ў яе сучасным варыянце, прыносіць вынік як не зусім звыклы, так і цікавы. Праўда, тую музыку варта спажываць, як добрае віно, невялікімі дозамі. Толькі тады адчуеш увесь смак і водар. “Быць беларусам” — адзін з паказальных, поўных публіцыстыкі твораў. Ня буду казаць пра FM-станцыі, але для “Мэлёдыя дня” паняцьце “фармат” ня грае тае ролі. Абы песьня была цікавая. І гэтага сьвята ў нас ніхто не скрадзе.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG