Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Александрына”. Музыка Ўладзімера Мулявіна, словы Петруся Броўкі. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Песьняры”, “Мелодия”, 1971



Учора мы слухалі песьню, якую можна сьмела называць клясыкай жанру апошняга часу. Сёньня я прапаную вашай увазе твор, што быў напісаны больш за 30 гадоў таму і практычна адразу тады зрабіўся клясыкай беларускай песьні. Што здараецца надзвычай рэдка.

Такім чынам, песьня “Александрына” з музыкай Уладзімера Мулявіна на словы Петруся Броўкі. Лішне згадваць, што мы актыўна зьвяртаемся да творчасьці “Песьняроў”, каб хоць нечым падтрымаць ягонага лідэра ў няпросты для яго час. Што да самае песьні, дык яна амаль імгненна пасьля выданьня на кружэлцы набыла ня проста шырокую — неверагодную папулярнасьць, якая трымалася многія гады! Дай Бог, каб многія сучасныя, раскручаныя не праз грамзапіс, а праз радыё і тэлебачаньне шлягеры змаглі дасягнуць такой папулярнасьці. Памятаю, ужо ў 1978 годзе ў далёкім Бійску за адзін вечар у рэстараннай залі песьню гэтую замаўлялі ажно пяць разоў! Яна, праўда, ужо гучала ў нашай праграме ў выкананьні Аляксея Шадзько і Піта Паўлава, што лішні раз сьведчыць пра значнасьць тае песьні.

А сёньня я паказваю яе невыпадкова: упершыню за ўвесь час выкарыстоўваю службовае становішча ў асабістых мэтах. Бо менавіта гэтая песьня будзе найлепшым падарункам вядучаму праграмы з нагоды ягонага сьціплага юбілею. Столькі, праўда, не жывуць, але, упэўнены, мы яшчэ пачуемся неаднойчы!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG