Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “Codex”. Сярэднявечны танец. Ансамбль старадаўняй музыкі “КонтрДанс”. Альбом “Вір” групы “Стары Ольса”, “Ковчег”, 2001



Яшчэ адносна нядаўна музыка акадэмічная і папулярная існавалі быццам бы ў зусім розных вымярэньнях, практычна ніколі не судакранаючыся. Аднак час збліжае тое, што раней лічылася ўзаемавыключальным. Сёньня многія акадэмічныя і папулярныя выканаўцы ажыццяўляюць агульныя праекты разам.

Гэты тыдзень для праграмы “Мэлёдыя дня” быў, як заўсёды, разнастайны. Распачала яго група “Нэйра Дзюбель” беларускамоўнай песьняй “Скрыпка дрыгвы” на словы Ўладзімера Караткевіча, а прадоўжыў гітарыст Аляксандар Уласенкаў п’есай “August Rain”, пасьля чаго мы згадалі некалі вельмі папулярную ў нас сьпявачку Юлю Скараход. Музыкант-самавук Паўль Лісэ прадставіў кампазыцыю “Take Care Of Your Mind”, Зьміцер Бартосік сьцьвердзіў “Тут Беларусь”, а не што іншае, Мікалай Скорыкаў прасьпяваў клясычны ўзор сусьветнай эстрады “Red Roses For a Blue Lady”.

Тое было ўчора, а сёньня з дапамогаю камэрнага ансамбля старадаўняй музыкі “КонтрДанс” мы пераносімся ў мінулае. Менавіта гэты калектыў пастаянна ўдзельнічае ў праектах Ірыны Дарафеевай, а летась паўдзельнічаў у запісе альбома “Вір” групы “Стары Ольса”. Менавіта з гэтага альбома і ўзятая мэлёдыя старадаўняга танца “Кодэкс”. Зьнешне вельмі простая музыка гучыць з дапамогай тых самых інструмэнтаў, якія ўжываліся ў часы, калі гэтая музыка была ў актыўным абіходку. Гэта гітара, флейты, барабан. Пад такую музыку тады і танцавалі, а сёньня, дзякуючы такім калектывам, як “КонтрДанс’’, “Стары Ольса”, мы можам атрымаць добрае ўяўленьне пра музычную гарадскую культуру сярэднявечча.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG