Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Тут Беларусь”. Музыка, словы і выкананьне — Зьміцер Бартосік. Альбом “Да пабачэньня”, “Літаратурна-мастацкая суполка”, 1997



Лёзунгі — рэч, канечне, добрая і карысная, аднак толькі ў пэўны пэрыяд часу і ў пэўных сытуацыях. Калі яны зьмяняецца, а лёзунгі застаюцца тыя ж, гэта выклікае найперш адчуваньне прыкрасьці: людзі, што імі карыстаюцца, адсталі ад часу і трапілі ў палон стэрэатыпаў.

Вось і сучасная беларуская аўтарская песьня, за некаторымі выключэньнямі, здаецца мне зьявай даволі шаблоннай і нават аднастайнай. Такое ўражаньне, што піша гэтыя песьні адзін і той жа чалавек, мо ўжо ў соты раз эксплюатуючы адныя і тыя ж вобразы, матывы, нават лёзунгі, што датычаць лёсу растаптаных беларушчыны, мовы, сымволікі, гісторыі. Колькі ж можна! На двары — цалкам іншая сытуацыя, у якой пралітыя сьлёзы ўжо ня выйсьце і тым больш не парада, як і што варта рабіць.

Зьміцер Бартосік лёзунгамі не захапляўся ніколі, ён проста піша песьні, у якіх на першым пляне — добрая паэзія, якая часьцей за ўсё здольная сказаць куды больш, чым самы актуальны заклік. У ягоных песьнях няма штампаў, бо сапраўднае мастацтва абыходзіцца бяз іх. Ён, нарэшце, здольны выказвацца ціха, бо крыкам рэдка што можна даказаць, а тым больш — зрушыць людзей да сапраўднага чыну. “Тут Беларусь” — так называецца ягоная песьня зь першага і пакуль што адзінага альбома 1997 году. Так, гэта ў цэлым песенная публіцыстыка, аднак яна не навязвае вам чужыя думкі, не вымушае крычаць, адно што прапануе задумацца. Чым і адрозьніваецца ад лёзунгаў, якія ў параўнаньні з сапраўднымі песьнямі жывуць нядоўга.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG