Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная кампазыцыя “Take Care of Your Mind”. Музыка і выкананьне — Паўль Лісэ. Альбом “Motivation”, аўтарскае выданьне, 1999



Маюць рацыю тыя, хто сцьвярджае, што мастацтва, у тым ліку музычнае, рухаюць наперад перш за ўсё таленавітыя самавукі, нават прафаны, чым выдатна вывучаныя прафэсіяналы. Сапраўды, такіх выпадкаў у практыцы — колькі заўгодна, дастаткова будзе згадаць хоць бы тых жа музыкаў “Beatles” ці Луі Армстранга. Ёсьць такія выпадкі і ў Беларусі.

Не выпадае даказваць, нібыта менскі музыкант, што хаваецца пад псэўданімам Паўль Лісэ, зрабіў у музыцы рэвалюцыю, не! Аднак той факт, што чалавек, які нідзе музыцы не вучыўся, самастойна запісаў шэраг складаных па зьместу кампазыцый з добрым адчуваньнем законаў формы, прымушае казаць пра яго як пра незвычайны талент, чалавека, дзейнасьць якога абвяргае звыклыя правілы. Электронная музыка не надта пашыраная ў Беларусі: каб працаваць у гэтым напрамку, неабходна мець добрую і, адпаведна, дарагую сучасную базу. Паўль Лісэ здаволіўся тым, што меў пад рукамі, уклаўшы ў запіс куды больш сродкаў і часу, чым прыблізна тое ж зрабіў бы больш дасьведчаны ў прафесіі чалавек. Аднак і вынік быў бы напэўна цалкам іншы, прычым не гарантую, што лепшы.

Паўль Лісэ пісаў музыку так, як яму падавалася слушным, а ня так, як таму вучаць у музычнай акадэміі. І ў выніку мы маем дачыненьне да музычнай інсіты, прымітыўнага па тэрміналёгіі, але зьмястоўнага мастацтва, у якім непасрэднасьць, шчырасьць робяць цуды. Як хоць бы ў п’есе, што называецца “Take Care of Your Mind”, 1999 году. Зрэшты, паслухайце самі. Мне ж застаецца спадзявацца, што пра гэтага унікальнага музыканта мы яшчэ некалі пачуем...

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG