Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “August Rain”. Музыка і выкананьне — Аляксандар Уласенкаў. Дэма-альбом “12 Reflections”, аўтарскае выданьне, 2001



Музыка добрая ўжо тым, што не змушае слухачоў засяроджвацца на нечым адным. Сапраўды, усім нам ёсьць з чаго выбіраць: паміж папсой ці джазам, рокам ці музыкай акадэмічнай. Тое ж — і праграма “Мэлёдыя дня”, у рамках якой мы імкнемся паказваць практычна ўсё, што было і ёсьць у беларускай музыцы.

Можна сказаць нават больш: дзяржаўныя межы, як паказала практыка, для айчыннай музыкі не зьяўляюцца перашкодай. Вось і пры канцы мінулага году менскі гітарыст Аляксандар Уласенкаў перадаў мне з Амэрыкі запісаны ўжо там сольны альбом, які зьмяшчае музыку, магчыма, і ня надта запатрабаваную, затое — яскрава аўтарскую, да чаго, канешне ж, імкнецца кожны сучасны выканаўца.

Музыка Ўласенкава на гэтым дыску — нешта накшталт пісаных нотамі акварэляў, што адлюстроўваюць станы прыроды, прычым прыроды яўна не беларускай. Гэта нетаропка выпісаныя, гэтак жа нетаропка выкананыя гітарныя п’есы з адкрыта заяўленым тэматызмам, пра што гавораць самі назвы кампазыцый. Адна зь іх называецца “August Rain”, “Жнівеньскі дождж”. Тэматычна яна для нашай праграмы своечасовая, а слухаючы гэтую музыку, вельмі зручна дапісваць ва ўласным уяўленьні нейкія дэталі, якія для кожнага слухача складаюцца ўжо ў асабістае бачаньне карцін прыроды. Ну, а наколькі жнівеньскі дождж у Амэрыцы адрозьніваецца ад дажджу беларускага — мяркуйце самі. І не чакайце з гэтым да чацьвярга ў спадзяваньні, што нешта істотна зьменіцца. Тады будзе гучаць ужо новая мэлёдыя. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG