Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Скрыпка дрыгвы”. Музыка Аляксандра Кулінковіча, словы Ўладзімера Караткевіча. Група “Нэйра Дзюбель”. Альбом “Правдивые истории о том, как у Карлсона угнали комбинезон”, “БМАgroup”, 2002



Часам кожнаму з нас даводзіцца выбіраць. У мастацтве наагул, у музыцы ў прыватнасьці, праблема выбару грунтуецца на рэчах дужа тонкіх. Што да нашай краіны, дык нават мова, на якой выконваюцца песьні, часта дэкляруе выбар — грамадзянскі, як ні дзіўна.

Пра гэты калектыў і зроблены ягонымі ўдзельнікамі выбар мы ўжо казалі як пра нязначную, але ўсё ж сэнсацыю ў музычным жыцьці Беларусі. Сапраўды, музыкі групы “Нэйра Дзюбель” з ініцыятывы свайго лідэра Аляксандра Кулінковіча вырашылі чарговы альбом запісаць выключна на беларускамоўныя тэксты, чаго раней у іх практыцы не назіралася. Штуршком для гэтага сталася падрыхтоўка Алесям Сушам новага супольнага музычнага праекту на вершы Ўладзімера Караткевіча. Праўду кажучы, апошнім часам пра гэты праект нічога не чуваць, магчыма нават, ягоная падрыхтоўка прыпынілася. Часова ці назаўсёды — цяжка сказаць. Аднак “Нэйра Дзюбель” ужо запісаў адну песьню, прычым, загалоўную, і выдаў яе на апошнім альбоме.

Песьня “Скрыпка дрыгвы” вытрыманая ў звычайнай для калектыву стылістыцы, што ўспрымаецца неадназначна: ня надта, варта прызнаць, панкавая стылістыка гарманізуе зь вершамі Караткевіча. Зь іншага боку, гэтая ўласна песьня і падштурхнула Аляксандра Кулінковіча пачаць пісаць тэксты па-беларуску. Так што, спадзяюся, новы “Нэйра Дзюбель” мы яшчэ пачуем!
XS
SM
MD
LG