Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Не шукай”. Музыка Ісака Любана, словы Адама Русака. Данчык. Дэма-запіс, 2002 г.



Бывае, для таго, каб лепш адчуць сучаснасьць, неабходна зрабіць параўнаньне з тым, што было некалі. У нашым выпадку для таго, каб атрымаць найбольш выразную карціну сучаснай музыкі, варта згадаць, якая папулярная музыка гучала гадкоў гэтак з сорак таму.

Перад тым, як паглыбіцца ў гісторыю айчыннай папулярнай музыкі, нагадаю вам, што мы пачулі на гэтым тыдні. Джазмэнты Цэнтральнага міліцэйскага аркестра МУС Беларусі пазнаёмілі нас з дасьціпным гібрыдам амэрыканскай тэмы “Take Five” і беларускай “Рушнікі”, група “Zygimont Vaza” адказала на тое песьняй “Паліцэйскі сэкс”, што пацьвердзіла Ірына Дарафеева песьняй з назовам “З ранку да ночы”. Ігар Алоўнікаў выканаў палянэз Міхала Клеафаса Агінскага, група “Стары Ольса” — песьню “Нямон”, а група “Камэрата” дала магчымасьць адчуць водар Іспаніі ў кампазыцыі “Segudilia”.

Песьня “Не шукай” Ісака Любана на словы Адама Русака, на маё асабістае зьдзіўленьне, — твор на практыцы сёньня амаль забыты. Аднак гэта вельмі ўдалая песьня, якая ў свой час карысталася вялікай папулярнасьцю і можа быць і цяпер узорам творчасьці ў жанры лірычнай песьні. Данчык па-свойму, хоць у цэлым у межах традыцыі, прачытаў гэты твор, а за кошт высокага голасу сьпевака песьня загучала неяк пранізьліва-сьветла. Сапраўды цікавая вэрсія, зробленая з усёй належнай пашанай да арыгіналу. І калі з дапамогай “Мэлёдыі дня” песьня гэтая вернецца ва ўжытак, мы ўсе будзем толькі радыя. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG