Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Нямон”. Музыка і словы Зьмітра Сідаровіча і Зьмітра Сасноўскага. “Стары Ольса”. Альбом “Вір”, “Ковчег”, 2001 г.



Імітацыя ў музыцы — гэта сытуацыя, калі выканаўца нібыта паўтарае стыль ці манэру выкананьня вядомых майстроў, ня ўносячы ў тое нічога асабістага. Стылізацыя ў музыцы — гэта той варыянт, калі выканаўца дэманструе ўласную творчасьць, засноўваючыся на стылі альбо манэры тых самых аўтарытэтаў.

Калектыў старадаўняй музыкі “Стары Ольса” даволі хутка набыў папулярнасьць, прычым, што даволі незвычайна, нягледзячы на такую спэцыфічную музыку, быў прыняты і ў кампанію айчынных рок-музыкантаў. У рэпэртуары калектыву — як арыгінальныя творы музыкі беларускага, эўрапейскага сярэднявечча, так і аўтарскія кампазыцыі, своеасаблівыя стылізацыі той, даўняй музыкі. Спалучэньне ж гучаньня гітары з гучаньнем народных інструмэнтаў надае музыцы “Старога Ольсы” сапраўдную арыгінальнасьць, прычым музыканты працуюць часам настолькі тонка, што, бывае, даволі цяжка адрозьніць музыку гістарычную ад той, што была напісаная музыкантамі ў апошнія гады. Такая менавіта і песьня “Нямон”, якая — такое ўражаньне — сапраўды была адшуканая недзе ў бабульчыных куфрах. Тым ня менш яе аўтары — два Зьмітры, Сасноўскі ды Сідаровіч. Зьміцер Сідаровіч, нагадаю, выконваў істотную ролю ў групе “Камэлот”, таму невыпадкова, што песьня “Нямон” паводле гучаньня нагадвае стылістыку таго калектыву. Але тое не імітацыя, а добрая стылізацыя. Запіс 2001 году. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG