Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Палянэз F-dur”. Музыка Міхала Клеафаса Агінскага. Ігар Алоўнікаў. Альбом “Беларуская музычная літаратура. Фонахрэстаматыя”, “Ковчег”, 1-а палова 1990-х



Бадай, кожны з кампазытараў мае такі твор, які сьмела можна называць ягонай творчай візытоўкай. Прычым тут няма нават розьніцы, у якім з жанраў музыкі працуе той ці іншы творца. Дастаткова прыгадаць колькі імёнаў кампазытараў, і на памяць аўтаматычна прыходзяць назвы іх найбольш вядомых, папулярных твораў.

Калі заходзіць гаворка пра Міхала Клеафаса Агінскага, імгненна згадваецца ягоны славуты палянэз “Разьвітаньне з Радзімай”. Аднак як высьветлілася параўнальна нядаўна, Міхалам Клеафасам Агінскім было напісана шмат твораў, у тым ліку й палянэзаў. Сёньня мы паслухаем адзін зь іх, магчыма, не такі вядомы й папулярны, як “Разьвітаньне з Радзімай”. Варта адзначыць, што ў тыя часы, калі пісаліся гэтыя творы, на нашых землях, у Эўропе наагул, малыя творы для фартэпіяна — мазуркі, прэлюдыі, накцюрны, палянэзы — зьяўляліся своеасаблівай абавязковай праграмай для кожнага кампазытара, дэманструючы як агульнамузычную іх падрыхтоўку, так і чыста кампазытарскія здольнасьці.

Палянэз фа мажор — якраз з такіх твораў. Прагучыць ён у выкананьні Ігара Алоўнікава, вядучага айчыннага піяніста, які мэтанакіравана знаёміць публіку ў першую чаргу менавіта з беларускай фартэпіяннай літаратурай. У тым ліку і з творамі Міхала Клеафаса Агінскага — знакамітага ліцьвіна, якія годна сьцьвердзіў сябе ў розных галінах дзейнасьці. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG