Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Іван да Маня”. Музыка і словы Рамана Арлова. Група “Харлі”. Альбом “БелКП-ПрЕСсНЯ”, “Bulba Records”, 2000



На тыдні, што павольна перацёк зь ліпеня ў жнівень, вы пачулі наступныя творы. Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі выканаў “Tiger Rock” у аранжыроўцы Віталя Далгова, Алег Атаманаў зьвяртаўся па дапамогу да прыроды ў песьні “Танга белых багоў”. Ліка з ансамблем “Верасы” шукалі маладога ды нежанатага, каб спакойна дабрацца да роднае хаты, Віктар Скарабагатаў і ансамбль “Кантабіле” нагадалі фрагмэнт з “Полацкага сшытку” на словы з “Аршанскага сшытку”, “Крама” паўтарыла легкаатлетычны шлягер 1993 году — песьню “Бяжы, хлопец!”, а Зоя Гарына тым часам скіравалася да любага за мора, за акіян на карабліку з газэты, варта спадзявацца, — трывалай, бо незалежнай.

Сёньня вы пачуеце песьню ў выкананьні групы, якую сьмела, бадай, можна назваць “групай адной песьні”, бо за два гады пасьля таго, як гэтая песьня прагучала ўпершыню, група “Харлі” нічым пра сябе больш не нагадала. Песьня між тым яўна ўдалая, хоць не магу сказаць, што аўтар слоў правёў шмат бяссоных начэй у пошуках найлепшага варыянту. “Іван ды Маня ехалі дадому” — вось, уласна, і ўвесь зьмест песьні Рамана Арлова. Але гэта той якраз выпадак, калі зьнешні прымітывізм даў нечаканы эфэкт: песьня яўна запамінаецца, і надоўга. Часам варта рабіць прасьцей, чым нагрувашчваць у музыцы невядома што. “Так, пусцячок атрымаўся!” — можа цяпер усьлед за Моцартам сьцьвярджаць і Раман Арлоў. А такі атрымаўся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG