Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Караблік”. Музыка, словы Зоя Гарына. Аранжыроўка Славы Коваля. Дэма-запіс, 2002 г.



Вось жа як у жыцьці здараецца: іншы музыкант дэманструе неверагодную тэхніку, выдае шматпавярховыя аранжыроўкі, ужывае мноства інструмэнтаў, а слухачы чакаюць аднаго: калі ўсё тое скончыцца. А то выходзіць на сцэну чалавек з адной гітарай, і заля сьціхае ў абдымках сапраўднага мастацтва.

Згадваецца стары музычны досьціп: журналіст недаўменна пытаецца ў старога музыканта, які сьціпла кранаецца струн гітары на фоне неверагоднай, звышхуткай тэхнікі, якую дэманструюць два маладыя гітарысты: “Ну няўжо вы так ня можаце? Глядзіце, якое неверагоднае па напоры выкананьне!” Стары музыкант адказвае: “Не, так я сапраўды не магу. Таму што яны ўсё яшчэ шукаюць, а я сваё даўно знайшоў”.

Гамяльчанка Зоя Гарына адшукала ўласную стылістыку таксама даўно. Засноўваецца яна найперш на тым, што Зоя нікуды не сьпяшаецца. Яна сьпявае песьні, якія даходзяць да душы нетаропка, спакваля, аднак пасьля гэтага ўжо не адпускаюць цябе. Зьнешне ўсё надзвычай проста: простая мэлёдыя песьні “Караблік”, музыку да якой Зоя напісала сама, простыя словы Бэлы Сасноўскай. А якая ж цукерачка атрымалася! Не, ня шлягер, барані Божа! Проста таму, што сапраўды ўдалая песьня пра статус шлягера ўжо ня думае. Яна і так шлягер, без абвестак.

Дарэчы, цяпер Зоя з мужам, аранжыроўшчыкам Славам Ковалем, заснавалі ў Гомлі студыю “БанкНотА”, дапамагаючы й маладым музыкантам, а сама Зоя ўсё часьцей запісвае песьні на беларускай мове. “Караблік” — зь іх ліку.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG