Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрагмэнт з “Полацкага сшытку”. Віктар Скорабагатаў і ансамбль старадаўняй музыкі “Кантабіле”. Альбом “Беларуская музычная літаратура. Фонахрэстаматыя”, “Ковчег”, 1-я палова 90-х



Хто яго ведае: можа, гадоў празь дзьвесьце ўсе тыя шлягеры сучаснасьці ў выкананьні, скажам, груп “Краски” ці якіх “Лепрыконсаў” насамрэч будуць гучаць са сцэнаў акадэмічных заляў як узор сьвецкае музыкі мяжы ХХ і ХХІ стагодзьдзяў. Слухаем жа мы сёньня ў такіх залях тое, што ў XVI стагодзьдзі было, прабачце, клясычнай папсою!

Нотны рукапіс, вядомы сёньня як “Полацкі сшытак”, адшукаўся выпадкова. Гэта зборнік сапраўды сьвецкіх, нескладаных мэлёдыяў, датаваны XVI–XVII стагодзьдзямі. Гучала гэтая музыка тады падчас баляў, як тады называлі цяперашнія дыскатэкі. Форма была іншая, сутнасьць — тая ж самая: вясёлае баўленьне часу, нагода для інтрыжкі, шанец зрабіць карыснае ў будучыні знаёмства.

Фрагмэнт з “Полацкага сшытка”, які мы пачуем сёньня ў выкананьні Віктара Скорабагатава і ансамблю старадаўняй музыкі “Кантабіле”, крыху, так бы мовіць, мадэрнізаваны, бо запісаны быў са словамі, якіх “Полацкі сшытак” ня меў.

Словы ж узятыя зь літаратурнага помніка XVII стагодзьдзя — “Аршанскага сшытка”. Яны надзіва арганічна спалучыліся з музыкай, і ў выніку мы маем музыку зь мінулага, якая па форме выразна нагадвае тое, што мы сустракаем у рознага роду сучасных гіт-парадах. Хіба што ўласна музыкі ў творах мінулага было нашмат больш...

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG