Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Цячэ вада зь нябёс бясконца”. Музыка Барыса Вайханскага, словы Георгія Ліхтаровіча. Барыс і Юры Вайханскія. Дэма-запіс, 2002



Ліпень, як слушна кажуць, — галава лета. Цяжка загадваць, якое надвор’е будзе ў гэты дзень, але ліпень гэтага году напэўна запомніцца з прычыны вялікай сьпякоты. У такі час, канечне, не чарговую “Мэлёдыю дня” слухаць, а падацца куды на ўлоньне, бліжэй да вады, у прахалоду. Тым ня менш нашая праграма на капрызы надвор’я не зважае.

Чарговы ліпеньскі тыдзень з “Мэлёдыяй дня”, нагадаю, дазволіў вам пачуць наступныя кампазыцыі. Алег Сямёнаў выканаў песьню “Пажадай мне, мама”, а музычны тыдзень на Радыё Свабода прадоўжыла група “Сузор’е” песьняй “Let Him Go”. Мы паслухалі ўзор папулярнай музыкі ХІХ стагодзьдзя — “Канцэртную мазурку” Міхала Ельскага і інструмэнтальную вэрсію шлягера групы “Queen” “Friends Will Be Friends” ў выкананьні Цэнтральнага міліцэйскага аркестру Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Група “NRM” прадставіла адмысловую акустычную аранжыроўку песьні “Край ты, мой край”, вядомай па “Народным альбоме”, а група “Песьняры” нагадала фрагмэнт паэмы-легенды “Гусьляр” у запісе 1980 году.

Вяртаючыся да карысьці баўленьня вольнага часу на прыродзе, мушу згадаць, што найбольш папулярным інструмэнтам падчас пікнікоў зьяўляецца гітара. А калі гітарыстаў двое і больш, калі яны добра валодаюць інструмэнтамі, можна разьлічваць і на прыстойны канцэрт. Барыс і Юры Вайханскія нячаста, як мне вядома, выступаюць на прыродзе, хіба што ў коле блізкіх сяброў.

А вось песьня, якая прагучыць сёньня ў іх выкананьні, да праблемы вольнага летняга часу мае самае непасрэднае дачыненьне. “Цячэ вада”. Не, не ў ярок. Песьня, напісаная Барысам Вайханскім на словы Георгія Ліхтаровіча, называецца “Цячэ вада зь нябёс бясконца”. Прынамсі, твор нібыта і не пра сонечнае надвор’е, але гэтая песьня зусім не пахмурная, а наадварот — сьветлая і празрыстая, як гожы ліпеньскі дождж.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG