Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урывак з паэмы-легенды “Гусьляр”. Музыка Ігара Лучанка, словы Янкі Купалы. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Гусьляр”, “Мелодия”, 1981



Нядаўна адзначалася 120-годзьдзе з дня нараджэньня Янкі Купалы. Сьвяткаваньне, варта прызнаць, было нашмат больш сьціплае, чым тое назіралася раней. Не Купала, зразумела, таму віною. Ды вось што важна: песьні на ягоныя вершы гучаць незалежна ад таго, круглая дата ці ня надта.

У 1980 годзе музыканты ансамблю “Песьняры” ў рамках, як можна здагадвацца, падрыхтоўкі да круглай даты — 100-годзьдзя нараджэньня Янкі Купалы — запісалі паэму-легенду “Гусьляр” Ігара Лучанка, твор, як сьцьвярджалі некаторыя, які можна называць першай у Беларусі рок-опэрай.

Гэта, вядома, нацяжка: Ігар Лучанок, прынамсі, ніколі вялікай ахвоты да опэрнага жанру не дэманстраваў. Больш слушна было б казаць пра пакладзены на музыку тэкст паэмы “Курган”. Музыка гэтая потым была, як магу здагадацца, грунтоўна аранжаваная ўжо непасрэдна ўдзельнікамі ансамблю, атрымала нешта накшталт увэртуры і распрацаваных інструмэнтальных эпізодаў, а для канцэртнага выкананьня былі запрошаныя дадатковыя выканаўцы кшталту, калі памяць не падводзіць, Людмілы Ісупавай.

Нягледзячы на прымеркаванасьць прэм’еры да даты, сам твор ня стаўся прыкметнай зьяваю ў беларускай музыцы: пэўная аднастайнасьць усё ж адчуваецца. Пры гэтым варта адзначыць, што пастаноўка твору буйнай формы была ў біяграфіі “Песьняроў” добрым досьведам. Да того ж, недзе ў фондах Беларускага тэлебачаньня зьберагаецца й адмысловая тэлевізійная вэрсія “Гусьляра”.

У 1980 годзе, нагадаю, “Песьняры” выступалі ці не найлепшым за ўсе гады складам, і сёньня цяжка нават меркаваць, чыёй музыкі ў гэтым творы больш — Лучанка ці музыкаў ансамблю.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG