Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Friends Will Be Friends”. Музыка Фрэды Мэрк’юры. Цэнтральны аркестар МУС Беларусі. Альбом “Беларускі цэнтральны міліцэйскі аркестар МУС”, “Ковчег”, 2002



Чаго толькі на сьвеце не здараецца! Вось і апошні з выдадзеных у Беларусі кампакт-дыскаў прынес вялізны сюрпрыз, хоць, прызнацца, пра існаваньне гэтага калектыву я асабіста ведаў і раней. Аднак, пачуўшы запісаныя для альбому творы, мне толькі і засталося, што завочна пааплядаваць. Я раю вам таксама падрыхтавацца да сюрпрызу.

Такім чынам, згаданы альбом зьмяшчае творы, якія гучаць, кажучы моваю неафіцыйнай, у выкананьні галоўнага міліцэйскага аркестру Міністэрства ўнутраных справаў пад кіраўніцтвам Мікалая Жарко. 19 кампазыцыяў, больш за 70 хвілінаў музыкі ўвабралі ў сябе рэпэртуар, які я асабіста мог бы ўявіць на пюпітрах якога заўгодна бэнду, толькі не міліцэйскага.

Дастаткова згадаць інструмэнтальную вэрсію вядомай песьні “You Are Not Alone” Майкла Джэксана. Як вам гэтыя музыканцікі? Дарэчы, гучыць бэнд дастаткова добра, вывучана, магчыма, крыху залішне дысцыплінавана. Форма, прабачце, абавязвае, але музыканты ў аркестры сабраліся сапраўды спрактыкаваныя.

І можна колькі заўгодна выстаўляць нашай міліцыі рознага роду прэтэнзіі, аднак гэты менавіта альбом як нішто лепш даводзіць: народ і міліцыя — адзіныя. Асабліва пасьля таго, як вы паслухаеце сёньняшнюю мэлёдыю дня. А будзе ёй сусьветнавядомы гіт, песьня са спадчыны групы “Queen” “Friends Will Be Friends”.

Але ж куды прыемней бачыць у руках міліцыянта ня гумовую, а дырыжорскую палачку!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG