Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Let Him Go”. Музыка Валянціна Пучынскага, словы Аляксандра Несьцяровіча і Нэлі Дзянісавай. Група “Сузор‘е”. Альбом “Гіт-парад “Беларускай маладзёжнай”, “Мелодия”, 1990



Напэўна, з кожным аматарам музыкі тое здаралася: слухаеш часам нейкі запіс на замежнай мове, ня ведаючы, хто выканаўца, і ціха радуешся. Маўляў, вось жа ўмеюць там, за мяжой. І раптам адкрываецца, што гэта нашыя музыкі, свае! Рэакцыя бывае самая непрадказальная.

Са мной, прызнацца, такое таксама здаралася. Але, у адрозьненьне ад многіх іншых, я заўсёды верыў, што ўзровень падрыхтоўкі айчынных выканаўцаў, іхны талент і веданьне, што і як рабіць, дастаткова высокія, каб запісваць і выконваць творы на ўзроўні, які ў цэлым адпавядае патрабаваньням сусьветнай папулярнай музыкі — можа, за выключэньнем тонкасьцяў тэхнікі запісу.

Рок-група “Сузор’е”, як я ужо згадваў, з розных прычынаў пакінула па сабе няшмат запісаў, да таго ж, у той час, на які прыпала найбольшая папулярнасьць калектыву, выконваць песьні на мове верагоднага праціўніка было ў нас няпроста.

Запіс, які мы будзем слухаць сёньня, паходзіць з 1989 году, перадапошняга ў біяграфіі калектыву. Тады сьпяваць па-ангельску ўжо было дазволена. І вось музыканты для альбому “Гіт-парад “Беларускай маладзёжнай” — была такая радыёстанцыя, зачыненая ўладамі пры часах дарагога Вячаслава Кебіча — запісалі некалькі ангельскамоўных песень, вытрыманых у стылістыцы цьвёрдага, клясычнага гард-року зь непаўторным вакалам Нэлі Дзянісавай, які і надаваў групе своеасаблівасьць.

“Let Him Go”, музыка Валянціна Пучынскага, словы Аляксандра Несьцяровіча і Нэлі Дзянісавай. І каб я не назваў імёнаў аўтараў ды выканаўцаў, многія б і сёньня падумалі: вось жа, умеюць там, на Захадзе!..

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG