Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Пажадай мне, мама”. Музыка Дзьмітрыя Даўгалёва, словы Ўладзімера Пецюкевіча. Алег Сямёнаў. Альбом “Засьпявай мне песьню, крывічанка”, дэма-выданьне, 2002



Панядзелак, асабліва сьпякотным летам — не найлепшы дзень для ўваходжаньня ў працоўны рытм новага тыдня. Улічваючы гэта, праграма “Мэлёдыя дня” прапануе вам не сьпяшацца. Зрэшты, як і ва ўсе іншыя дні.

Для гэтага дня я адабраў мэлёдыю спэцыяльна — лірычную, напеўную. І чым больш я слухаю нізку песень Дзьмітрыя Даўгалёва, тым больш пераконваюся, што гэты кампазытар з тых, хто пасьпяхова і мэтанакіравана працуе ў жанры песьні менавіта лірычнай. Так, магчыма ягонае імя вядомае ня так шырока, як ён таго, безумоўна, заслугоўвае.

Але варта зьвярнуць увагу й на тое, што песьні Дзьмітрыя Даўгалёва, якія ён стварае ў напрацаваным дуэце з паэтам Уладзімерам Пецюкевічам, — гэта і ёсьць ледзь не квінтэсэнцыя менавіта беларускай эстраднай песьні.

Творы вызначаюцца высокім узроўнем тэкстаў, яны мэлядычныя і надзвычай добра перадаюць, як мне здаецца, самую сутнасьць беларускага характару. Танных штучак у іх ня знойдзеш, на ранг шлягераў яны нібыта і не прэтэндуюць, хоць, заўважу, шлягер — ня толькі той твор, які адзначыўся ў гіт-парадах. Гэта яшчэ і песьня, якая запамінаецца і жыве многія гады, нягледзячы на зьмены музычнае моды.

Такая і песьня “Пажадай мне, мама”, якая зараз прагучыць у выкананьні Алега Сямёнава. Адзначу, гэты сьпявак — таксама ня зь ліку шырока вядомых. Ды мне здаецца, значны патэнцыял у яго ёсьць. Пакінем шлягеры шлягерам, а будзем слухаць проста добрую песьню.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG