Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Калі імпэрыя зьнікне”. Музыка Сяргея Краўчанкі, словы Фелікса Аксёнцава. Група “Уліс”. Альбом “Чужаніца”, “Мелодия”, 1991



Cлухаючы даўнія запісы айчынных выканаўцаў рок-музыкі, часам прыходжу да думкі, што час, на жаль, мае ўласьцівасьць вяртацца. Да прыкладу, многія песьні расейскіх рокераў пачатку 1990-х цяпер неактуальныя, у той час як большасьць зь песень, напісаных тады ж у Беларусі, зноў запратрабаваная аўдыторыяй.

Сапраўды, калі ўважліва прааналізаваць творчасьць групы “Уліс” першай паловы 1990-х, можна прыйсьці да думкі, што больш адкрытай і дакладнай па грамадзкай пазыцыі, больш пратэстнай групы ў беларускай рок-музыцы тады не існавала. Можа, за выняткам “Мроі”.

Сёньня “Уліс” працуе ў іншай манеры, робячы акцэнт перш за ўсё на гукавы бок, і шкада, што Вячаслаў Корань, адзіны цяпер музыкант з арыгінальнага складу калектыву, рэдка зьвяртаецца да песень з тых часоў. Бо яны, як мне падаецца, вырашаныя нават у тыповым “каранёўскім” стылі, маглі б зноў набыць актуальнасьць, як, скажам, тая ж песьня “Радыё Свабода”.

Так, былі ў рэпэртуары “Улісу” 1990-х ня менш удалыя песьні, і адна зь іх — “Калі імпэрыя зьнікне” Сяргея Краўчанкі на словы, напісаныя ім жа ў суаўтарстве зь Феліксам Аксёнцавым. Сяргей цяпер адышоў ад музыкі, Фелікс даўно недзе за мяжой, а імпэрскія матывы ў нашым жыцьці па-ранейшаму надзённыя.

Парадокс: гады мінулі, а часы — не зьмяніліся! Такім чынам, актуальная песьня з архіву беларускага року.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG