Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Sweet Georgia Brown”. Музыка Мацэо Пінкарда, аранжыроўка Андрэя Лабчэўскага. Ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс”. Альбом “Swing Station”, “West Records”, 2001



Для многіх маладых слухачоў словазлучэньне “клясычная музыка” зьяўляецца ці ня нейкім пудзілам. Маўляў, клясычная музыка — гэта нешта скрозь нудлівае і аднастайнае. Аднак ня будзьма забывацца, што клясыка існуе і ў музыцы папулярнай.

Да ліку менавіта такіх твораў, якія ўжо даўно зрабіліся клясычнымі, належыць і п’еса “Sweet Georgia Brown” Мацэо Пінкарда — твор, які гучыць у выкананьні літаральнага кожнага калектыву, што выконвае традыцыйны джаз. Аднак найбольш актуальная гэтая п’еса для, як ні дзіўна, грузінскіх джазмэнаў — бо назву твору можна прачытаць у двух варыянтах: і як твор, прысьвечаны амэрыканскаму штату Джорджыя, і як твор, што ўслаўляе Джорджыю, то бок Грузію.

П’еса гэтая, канечне ж, граная-перайграная сотні, калі ня тысячы разоў, аднак клясыка тым і добрая, што зь цягам часу кожны музыкант, калектыў мае магчымасьць прачытаць яе па-свойму.

Адметная рыса менскага ансамблю традыцыйнага джазу “Рэнэсанс” у тым, што ягоныя ўдзельнікі імкнуцца не выконваць заштампаваныя, стандартныя аранжыроўкі клясычных твораў, а шукаюць для іх уласнае ўвасабленьне. Як і ў гэтым выпадку, калі аранжыроўку стандарту “Sweet Georgia Brown” нестандартна вырашыў піяніст Андрэй Лабчэўскі. Ансамбль “Рэнэсанс”, запіс 2001 году, на знак удзячнасьці ці то Джорджыі, ці то Грузіі, сьвежае прачытаньне клясыкі джазу.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG