Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Аліцыя”. Музыка Лявона Вольскага, словы Міхала Анемпадыстава. Кася Камоцкая. “Народны альбом”, “Ковчег”, 1997



Часта здараецца такое: зачэпішся за нейкую там думку, і потым яна будзе турбаваць цябе яшчэ шмат часу. Вось і ўчора, падняўшы тэму адпачынку, я і не падазраваў, што тэма гэтая запатрабуе працягу і ў сёньняшнім выданьні праграмы “Мэлёдыя дня”.

Адпачынак — гэта такая пара году для кожнага з нас, якая пралятае хутка як нішто іншае. Я разумею, што сёньня, напрыклад, задумвацца пра надыход восені й падлік закапаных у глебу грошай падчас чарговых дажынак яшчэ, можа, і ранавата. Але адпачынак, канечне ж, міне значна хутчэй, чым высьпее бульба.

Вось чаму шмат у чым павучальнай выглядае вядомая песьня “Аліцыя” з “Народнага альбому”. Гэта па духу такі крыху ідэалістычны, можа нават пэйзанскі твор, які малюе якраз час летняга адпачынку.

Гераіня песьні, якая чытае Гарацыя, жыве, як пісалі ў школьных падручніках, толькі сёньняшнім днём, хоць у канцы песьні, напісанай Лявонам Вольскім на словы Міхала Анемпадыстава, цалкам невыпадкова ўзьнікае злавесны вобраз немінучай расплаты — восень, якая пагражае пісталетам.

У песьні, зразумела, гэты вобраз прадказвае канкрэтныя падзеі, аднак у больш шырокім кантэксьце ён проста паказвае на тое, пра што я ўжо згадваў, — усё добрае і прыемнае некалі канчаецца, і ўсьлед за адпачынкам прыйдуць новыя працоўныя будні.

Сьціплая ды вынаходлівая аранжыроўка гэтай песьні толькі адцяняе яе ідэю, а ўдалае, знарокава манернае выкананьне твора Касяй Камоцкай даводзіць гэты фрагмэнт “Народнага альбому” да поўнай кандыцыі. Наагул, гэта адзін з найбольш удалых твораў праграмы, а для нас цяпер, у ліпені, — яшчэ і актуальны.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG