Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “What’s The Matter”. Аўтары музыкі і словаў, выкананьне — група “Flat”. Альбом “Street Boogie”, “Vigma”, 1998



“Зрабіце мне, як у Амэрыцы!” Такія словы можна пачуць даволі часта. Самае цікавае тое, што для таго, каб тая ж музыка выглядала амаль як амэрыканская, то бок фірмовая, айчынным музыкантам патрабуецца ня так і шмат. Крыху таленту ды прафэсіяналізму.

Некаторыя беларускія калектывы сьпяваюць выключна па-ангельску і пры гэтым вераць, што тая мова дапаможа ім зрабіць кар’еру на заходнім рынку. Для іншых, як для музыкантаў блюзавых, ангельская мова ёсьць мова міжнародных музычных зносінаў. Для трэціх яна — сродак стварыць сапраўды арыгінальны музычны прадукт, які і не задуманы для адпраўкі на экспарт. Ён у гэтым выпадку — адно толькі нагода для стылізацыі альбо пэўнага музычнага стылю, альбо манеры выкананьня.

Да апошніх належыць група “Флэт”, якая ў сэнсе музыкі якраз і стылізуе моды і манеры другой паловы 60-х, музыку, якую звыкла вызначаюць тэрмінам “біг-біт”. Гэта музыка мэлядычная, прыемная на слых, нескладаная па рытмічных структурах.

Дагэтуль “Флэт” выдаў толькі адзін, вельмі ўдалы альбом. Калі зьявіцца наступны — цяжка сказаць. Прынамсі, “Флэт” час ад часу выступае з канцэртамі, аднак зусім нядаўна лідэр групы Алег Вінакураў быў адзначаны як бас-гітарыст групы “Моджа блюз”.

Зрэшты, тое ня сьведчыць, што на гісторыі “Флэту” можна ставіць крыж: з добрымі бас-гітарыстамі ў Беларусі апошнім часам сапраўдны дэфіцыт. Што ж сталася? Гэта адначасова і пытаньне да ўдзельнікаў групы, і назва песьні канца 90-х, эпохі росквіту беларускага біг-біту. Паслухаем і — пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG