Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Нават сьцюжным зімовым вечарам”. Музыка Барыса Вайханскага, словы Ўладзімера Караткевіча. Дэма-запіс, 2002



У сучаснай музычнай практыцы, як лёгка заўважыць, мноства выканаўцаў, нібыта не давяраючы знаўцам сваёй справы, выступаюць і як аўтары музыкі, і як аўтары словаў да песень. Ці не таму пераважную большасьць тых, прабачце, опусаў слухаць немагчыма? Спадзяюся, такіх у праграме “Мэлёдыя дня” амаль няма.

Зрэшты, у гэтым лёгка пераканацца, калі вы перагледзіце на нашым сайце папярэднія “Мэлёдыі дня” — можна праслухаць усе творы, якія гучалі ў папярэдніх выданьнях праграмы. Пры гэтым сярод іх было дастаткова шмат прэм’ер. Сёньня ж — яшчэ адна.

Аўтарам музыкі выступае вядомы беларускі бард Барыс Вайханскі, які звычайна выконвае песьні якраз на ўласныя вершы. Гэтым разам ён зьвярнуўся да верша Ўладзімера Караткевіча. Вядома, зьмест вершаў гэтага творцы вымагае не канцэртнай залі, а зусім іншай аўдыторыі, а рытміка ягоных твораў мала надаецца да песень у стылі “умца-умца”.

Верш “Нават сьцюжным зімовым вечарам” Уладзімера Караткевіча таксама з тых твораў, напісаць музыку да якіх вельмі няпроста. Але ў Барыса Вайханскага, лічу, атрымалася. Наколькі мне вядома, гэты баляднага характару твор у выкананьні сямейнага дуэту Галіны і Барыса Вайханскіх у беларускім эфіры яшчэ не гучаў.

Разумею, што да сьцюжных зімовых вечароў яшчэ далёка, аднак рыхтуй вазок летам, а новую мэлёдыю — ня менш загадзя.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG