Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Грай, дудар”. Музыка і словы Зьмітра Сідаровіча. Група “Камэлот”. Альбом “У краіне талераў”, аўтарскае выданьне, 1998



Калі задумацца, рознага кшталту загады акружаюць нас у жыцьці літаральна на кожным кроку. Бадай, цяжка вытрымаць якую гадзіну, каб не пачуць чарговы ці то сыгнал, ці то загад. І добра, калі вас папярэджвае нармальны чалавечы голас. Горш, калі гэта які сьвісток ці сырэна. “Мэлёдыя дня”, спадзяюся, не падобная ні на тое, ні на другое.

Песьні ў выкананьні менскай групы “Камэлот” у нашай праграме яшчэ не гучалі. Не гучалі таму, што я меў пэўную інфармацыю пра тое, што музыканты калектыву нібыта запісваюць новы матэрыял. Але ж час мінае, новых песень не чуваць, таму варта нагадаць старыя.

“Камэлот” — гэта калектыў з выразнай, запамінальнай манерай, калектыў арыгінальнай музыкі, якая ў цэлым узыходзіць да старадаўніх вайсковых песень. Арганічнае спалучэньне традыцыйных для рок-музыкі інструмэнтаў з народнымі плюс дакладныя аранжыроўкі — гэта і стварае своеасаблівасьць музыкі “Камэлоту”. А яшчэ — пэўная наіўнасьць як наступства ўсё ж аматарскага ў добрым сэнсе гэтага слова стаўленьня да мастацтва выкананьня.

Ня думаю, што музыканты мелі рацыю, калі назваліся этна-рок групай. Ня этна, як мне здаецца, першы тут вызначальны момант, а ўдалая стылізацыя традыцыі даўняй гарадзкой песьні. Нездарма своеасаблівым сыгналам “Камэлоту” зрабілася песьня “Грай, дудар!” Зьмітра Сідаровіча. Дуда ж, прынамсі, таксама з тых інструмэнтаў, здольных выдаваць загады. І не паслухацца дуды немагчыма.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG