Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная кампазыцыя “Дождж”. Музыка і выкананьне — Аляксандар Софікс. Альбом “Музыка для размышлений”, “Ton Records”, 2001



Часам пасьля напружаных дзён кожнаму з нас надзвычай патрэбная паўза, колькі гадзін адпачынку. Зразумела, кожны адпачывае па-свойму, аднак для многіх актуальным і надзейным сродкам застаецца музыка. “Мэлёдыя дня” імкнецца задаволіць усе запатрабаваньні сваіх слухачоў.

Музыку гомельскага аўтара і выканаўцы Аляксандра Софікса мне ўжо даводзілася паказваць у нашай праграме, хоць яна як па зьмесьце, так і па працягласьці кампазыцыяў ня ўпісваецца ў такое цяпер распаўсюджанае на радыёстанцыях паняцьце як “фармат”.

Зрэшты, фармат для беларускіх FM-станцыяў — гэта такая ўнівэрсальная адчэпка ад усялякіх нестандартных з боку мясцовых выканаўцаў прапановаў. “Мэлёдыя дня”, прынамсі, — праграма нефарматная, а таму музыка кшталту кампазыцыяў Аляксандра Софікса, вытрыманая ў стылістыцы, набліжанай да эмбіенту, таксама ня чужая.

Так, сапраўды, падобныя творы выклікаюць у людзей адчуваньне спакою, камфорту, душэўнае раўнавагі, што так неабходна часам кожнаму з нас, асабліва ў Беларусі, для якой паняцьце хоць нейкай стабільнасьці — па-ранейшаму недасягальная мара.

Кампазыцыя “Дождж” — фрагмэнт дэбютнага альбому Аляксандра Софікса “Музыка для роздуму”, выдадзенага летась. Шмат у чым тэмы кампазыцыяў — гэта своеасаблівыя настроі, вобразы, выкліканыя да жыцьця станамі прыроды, эскізы, расплывістыя акварэльныя накіды.

Мне, прызнацца, цяжка загадваць, якое надвор’е будзе панаваць у гэты дзень, аднак настрой музыкі, якая прагучыць, мусіць дапамагчы вам на пэўны час забыцца пра штодзённыя клопаты і элемэнтарна даць сабе колькі хвілінаў адпачынку. Пачуемся ў чацьвер, пасьля дожджыку!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG