Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Пагоня”. Музыка Лявона Вольскага, словы Максіма Багдановіча. Супольны музычны праект “Я нарадзіўся тут”. Альбом “Я нарадзіўся тут”, “Ковчег”, 2000



Свабода слова — гэта паняцьце, якое датычыць ня толькі грамадзкага жыцьця, ня толькі адна з абавязковых умоваў дэмакратыі. Як ні дзіўна тое здаецца на першы погляд, свабода слова мае непасрэднае дачыненьне і да музыкі папулярнай.

Ганебны прысуд журналістам газэты “Пагоня” — яскравае сьведчаньне разгулу дэмакратыі ў Беларусі. Але ж “Мэлёдыя дня” — праграма музычная, таму, зразумела, пра справы палітычныя весьці гаворку мне, згадзіцеся, не выпадае.

Тым ня менш, я таксама журналіст і ў свой час гэтак сама, як калегі з Горадні, адказваў у судзе за ўласныя думкі і перакананьні. Таму не магу ня выказацца ў падтрымку калегаў ужо хоць бы з цэхавай салідарнасьці.

І вось цяпер пераходжу непасрэдна да тэмы нашае музычнай праграмы. Няцяжка, зрэшты, здагадацца, якая музыка павінна сёньня прагучаць. Так, песьня, назва якой аналягічная назьве збэшчанай уладамі газэты. “Пагоня” з музыкай Лявона Вольскага на словы Максіма Багдановіча, фрагмэнт супольнага музычнага праекту “Я нарадзіўся тут”.

Няхай супадзеньне назваў песьні і газэты на першы погляд выпадковае. Аднак тое, што сьпяваецца ў песьні, мае самае непасрэднае дачыненьне літаральна да ўсіх сфэраў жыцьця нашага такога дэмакратычнага грамадзтва. Яшчэ раз услухайцеся ў верш клясыка і супастаўце з тым, што бачыцца вам наўкола. А мы яшчэ, безумоўна, пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG