Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Крылы”. Музыка Аляксандра Панамарова, словы Юрыя Саваша, аранжыроўка А.Панамарова. Выкананьне — Ірына Дарафеева. Дэма-запіс з будучага альбому, 2002



Маладыя салісты сталеюць літаральна на вачах. Здавалася б, выканаўца толькі ўчора рабіў першыя нясьмелыя крокі на прафэсійнай сцэне, а ўжо сёньня мы змушаныя ўспрымаць яго як сапраўдную зорку айчыннай эстрады.

Пазаўчора дзень быў надзвычай важны для мноства людзей ня толькі з прычыны сьвяткаваньня Купальля. Так усьміхнуўся лёс, што менавіта 6 ліпеня нарадзілася адна з найбольш вядомых беларускіх сьпявачак, сьціплая не па рангу і зычлівая купалінка — Ірына Дарафеева. З нагоды першага ў жыцьці сапраўднага юбілею яна наладзіла вялікі канцэрт у Новалукомлі з удзелам многіх калегаў па цэху, зрабіла жэст, годны перайманьня.

Цяпер да выданьня рыхтуецца новы яе альбом, прычым цалкам беларускамоўны. Адметная ягоная рыса — некалькі песень, напісаных спэцыяльна для Ірыны найлепшым эстрадным сьпеваком Украіны Аляксандрам Панамаровым. Ягоная песьня “Крылы” на верш прадусара Ірыны Юрыя Саваша — твор выразна папсовага, калі хочаце, характару. Аднак выконвае яго Ірына ва ўласьцівай ёй адметнай манеры — прынамсі, нейкай дзяшоўкі, такой характэрнай для падобнага пляну расейскай прадукцыі, тут не адчуваецца.

Жадаючы ўсялякіх творчых посьпехаў Ірыне Дарафеевай з нагоды юбілею, “Мэлёдыя дня” зьвяртае ўвагу й на тое, што зьмест песьні “Крылы” ў нечым можа зрабіцца прарочым: нашая зорка эстрады дагэтуль нявеста зайздросная.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG