Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “Купальская ноч”. Музыка Максіма Пугачова. Выкананьне — група “Apple Tea”. Альбом “Bee Dance”, аўтарскае выданьне, 2000



Пачатак ліпеня — тая пара году, якая зьвязаная з музыкай самым непасрэдным чынам. Цяжка сказаць, колькі твораў народнай музыкі адрасуюцца аднаму з найбольш чарадзейных сьвятаў беларусаў — Купальлю. Ня хопіць і двух тыдняў, каб нагадаць нават пра найбольш вядомыя зь іх.

Я вось што заўважыў: купальская тэматыка ўвасабляецца беларускімі музыкантамі, якія выступаюць у самых розных, часам нават узаемавыключальных жанрах. Неаднойчы, напрыклад, даводзілася чуць творы, вытрыманыя ў стылістыцы экстрэмальнага року, у якіх па-свойму апрацоўваліся мэлёдыі купальскага народнага цыклю.

А наогул, як і шмат у чым, пачатак шырокай папулярызацыі купальскіх песень варта шукаць у творчасьці ўсё тых жа “Песьняроў”. Праз колькі гадоў іх эстафэту годна падхапіла група “Палац”. А вось на мяжы тысячагодзьдзяў да купальскай тэматыкі зьвярнуліся і музыкі з джаз-групы “Яблычная гарбата”.

Менавіта на апошнім дыску калектыву, музыка якога літаральна прасякнутая фальклёрным духам, зьмешчаная інструмэнтальная п’еса “Купальская ноч”, у якой вядучым сольным інструмэнтам, які надае твору настрой, гучыць сапрана-саксафон. Ягонае гучаньне тут надзвычай блізкае гучаньню народных духавых інструмэнтаў, а сам твор выпісаны піяністам Максімам Пугачовым, які цяпер стала выступае ў складзе “Беларускіх Песьняроў”, надзвычай тонка і далікатна.

Што ж, рыхтуймася да Купальля.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG