Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “Бульба”. Музыка народная, аранжыроўка Барыса Бернштэйна. Група “Пяты кут”. Дэма-запіс, пачатак 1990-х гадоў



Што б мы ўсе разам ні выдумлялі, аднак аснова ў папулярнай музыцы заўсёды застаецца адна і тая ж. І аснова тая вядомая спрадвеку: гэта — народная музыка. І што б мы ні рабілі, абысьці тую аснову пры ўсіх тэарэтычных роздумах немагчыма.

Менская джаз-група “Пяты кут” ніколі не зрабілася гучна вядомай у Беларусі, хоць яе ўдзельнікамі былі безь перабольшаньня найлепшыя інструмэнталісты краіны. Лепшыя часіны гэтага калектыву прыпалі на першую палову 1990-х, калі “Пяты кут” выяжджаў на яшчэ савецкія джаз-фэстывалі і хіба ўпершыню ў гісторыі беларускай папулярнай музыкі прэзэнтаваў сучасную джазавую музыку, якая засноўвалася на спрадвечных народных мэлёдыях.

Гэта быў сапраўды зорны калектыў — музыкі, якіх сёньня лёс раскідаў па розных ня толькі што краінах — кантынэнтах. Удзельнікі групы бадай упершыню ў Беларусі ў межах джазавай стылістыкі зьвярнуліся да народнай музыкі й мелі з таго безумоўны плён. Я асабіста быў сьведкам, як горача віталі менскі калектыў на фэстывалях у Крывым Розе і Днепрапятроўску.

На жаль, нядоўга музыка іграла. Лёс разьвёў удзельнікаў калектыву. І на памяць пра зробленае нам засталіся толькі запісы. Народная тэма “Бульба” ў аранжыроўцы бас-гітарыста Барыса Бернштэйна. Група “Пяты кут”, запіс пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Ювэлірная работа, як для падручнікаў Акадэміі музыкі. Вучыцеся, маладыя, дзякуючы Радыё Свабода! Гэтай музыкі вы больш нідзе не пачуеце!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG