Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Застольная”. Музыка Дзьмітрыя Даўгалёва, словы Ўладзімера Пецюкевіча. Ансамбль “Сябры”. Альбом “Засьпявай мне песьню, крывічанка”. Дэма-выданьне, 2002



Мінула роўна палова каляндарнага году, як праграма “Мэлёдыя дня” гучыць у эфіры на хвалях Беларускай службы Радыё “Свабода”. Які-ніякі, але ж юбілей. І гэтую падзею варта адзначыць адмыслова.

Праграма “Мэлёдыя дня”, як і ўвесь беларускі народ, сьвяты любіць. І адзначаць іх таксама. І калі ў хаце сьвята, тады й накрываюцца сталы. Я разумею, што тут, у студыі, зрабіць тое праблематычна і складана. Лепш адзначыць паўгода гучаньня ў эфіры якой добрай песьняй. Мушу сказаць, што традыцыі застольных песень у беларусаў сапраўды трывалыя, прычым, канечне ж, найчасьцей за сталом гучаць песьні народныя.

Гэтым разам прагучыць песьня аўтарская, напісаная Дзьмітрыем Даўгалёвым на верш Уладзімера Пецюкевіча. Песьня так і называецца: “Застольная”. А выканаюць яе Анатоль Ярмоленка ды ансамбль “Сябры”. Тут ходзяць чуткі, быццам бы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі Анатоль Ярмоленка публічна заявіў, што не зьбіраецца галасаваць наогул, для “Сяброў” насталі не зусім добрыя часы.

Ня трэба маркоціцца, Анатоль Іванавіч! “Сяброў” народ і так ведае ня горш прэзыдэнта, а што да любові, дык, як той казаў, — тым болей! Так што — за стол! Песьня гэтая ня новая, запісаная ў 1994 годзе, аднак у жанры твору застольнага вытрыманая як мае быць, як добрае віно. Ну, за “Мэлёдыю дня”! Спадзяюся, пачуемся заўтра.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG