Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Дранікі”. Музыка Ігара Паліводы, словы Лявона Пранчака. Валеры Скаражонак. Альбом “Талака”, “Ковчег”, год выданьня не пазначаны



Часам лёсу музыканта не пазайздросьціш. Тым больш складана казаць, калі яму пашанцавала, а калі — не. Усё ж творчае жыцьцё музыканта — гэта шмат у чым лятарэя, у якой столькі ж шанцаў выйграць, колькі й прайграць.

Я знаёмы з Валерыем Скаражонкам аж з 1988 году, зь першага Ўсесаюзнага фэстывалю польскай песьні ў Віцебску. Ён быў тады канкурсантам і практычна нікому не вядомым маладым сьпеваком з Горадні. Яму пашанцавала зь месцам нараджэньня, прынамсі, у дачыненьні да польскай песьні. Можа, менавіта таму песьня “Перш чым прыйдзе вясна” з рэпэртуару Чэслава Немена, якая гучала ўжо ў нашай праграме, прынесла яму ляўрэацкае званьне.

Потым Валеры шмат працаваў як саліст, выступаючы па ўсёй Беларусі, але ж па-сапраўднаму вялікая сцэна яўна не выказвала жаданьня прыняць яго. І вось усьмешка лёсу: запрашэньне ў ансамбль “Песьняры”.

Не вазьмуся сьцьвярджаць, пашанцавала яму ці не. З сольнымі праектамі нібыта ўсё сьціхла, аднак і канцэрты “Песьняроў” — таксама вялікая рэдкасьць. Ня ўпэўнены, што гэты вялікі, надзвычай дасьціпны ў жыцьці чалавек супакоіцца на дасягнутым. Мне так здаецца, што Валерыя Скаражонка мы яшчэ пачуем у нечым такім вельмі сольным.

А сёньня паслухаем яго ў песьні з апэтытным назовам “Дранікі”, напісанай Ігарам Паліводам на верш Лявона Пранчака. Цалкам магчыма, што многім з вас гэтая песьня будзе да стала. Смачна слухаць! І пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG