Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Вяртаньне”. Музыка Барыса Вайханскага, словы Георгія Ліхтаровіча. Барыс і Юры Вайханскія. Дэма-запіс, 2002



У апошнія гады небеспадстаўна кажуць пра тое, што законы музычнага шоў-бізнэсу ўсё больш моцна ўплываюць на самыя розныя віды музычнае творчасьці. У тым ліку — і на аўтарскую песьню. Нездарма зьявіліся цэлыя брыгады выканаўцаў, якія выступаюць выключна з камэрцыйнымі канцэртамі і ў вялікіх залях.

Я быў вельмі зьдзіўлены, калі летась у праграме фэстывалю “Славянскі базар” убачыў канцэрт аўтарскай песьні, які адбываўся на галоўнай сцэне. Можаце мне паверыць: усё дзейства выглядала дастаткова фальшыва, бо ад шчырасьці, самае асновы аўтарскай песьні, тады практычна нічога не засталося. Быў звычайны, як яго называюць, чос.

І мне цяжка было ўявіць у той расейскай кампаніі, скажам, Галіну і Барыса Вайханскіх, хоць у сэнсе мовы яны нармальна ўпісваліся б у той канцэрт. Аднак вось жа што здарылася: сёлета Барыс і Галіна, упершыню за многія гады існаваньня сямейнага дуэту, запісалі некалькі песень на беларускай мове.

Непасрэднае дачыненьне да гэтага мела іхнае знаёмства зь вядомым фатографам і паэтам Георгіем Ліхтаровічам. Так зьявіліся песьні як на ягоныя вершы, так і, напрыклад, на вершы Ўладзімера Караткевіча. Адну з гэтых песень мы сёньня і праслухаем.

“Вяртаньне”, музыка Барыса Вайханскага, словы Георгія Ліхтаровіча. Мэтры беларускай аўтарскай песьні ў новым, прыгожым увасабленьні.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG