Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Песьня пра любоў”. Аўтары не пазначаныя. Група “Мясцовы час”. Альбом “Слухай сваё”, “БМА груп”, 1999



На пачатку мушу яшчэ раз падкрэсьліць: праграма “Мэлёдыя дня” — гэта праграма не фальклёрнай музыкі, не папулярнай, ня рок-музыкі й ня джазавай. Вось чаму штодня вам прапануюцца самыя розныя па стылістыцы мэлёдыі, у тым ліку, як сёньня, — і дастаткова, так бы мовіць, гучныя.

Полацкая група “Мясцовы час” трымаецца цэнтральнага кірунку ў рок-музыцы, засноўваючы рэпэртуар на творах, вытрыманых у стылістыцы гард-року. Невыпадкова ў песьнях “Мясцовага часу” можна пачуць мэлядычныя хады, якія ў пэўным сэнсе ўжо ўжываліся іншымі калектывамі. У гэтым няма нічога страшнага: такога падыходу да кампазыцыі вымагае сама стылістыка.

Разам з тым клясычны гард-рок — гэта неабавязкова заўсёды музыка пратэсту, творы сацыяльна напоўненыя, вострыя па тэкстах. “Песьня пра любоў” групы “Мясцовы час” — твор гучны, дастаткова агрэсіўны па гучаньню, хоць і з даволі вясёлым, нават гумарыстычным тэкстам. А вось у аснове песьні ляжыць дакладны, вывераны і надзвычай тыповы для гард-року рыф. Карацей кажучы, у выніку атрымалася вельмі стылёвая, пругкая песьня.

Цяжка сказаць, ці існуе “Мясцовы час” сёньня: апошні альбом калектыву быў выдадзены тры гады таму, і з таго часу пра групу нічога чуваць ня было. Шкада: той альбом быў сапраўды ўдалы. Пачуемся заўтра, па мясцовым часе!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG