Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Пах чабаровы”. Ансамбль “Чараўніцы”. Музыка Ўладзімера Будніка, словы Кастуся Кірэенкі. Міньён “Чараўніцы”, “Мелодия”, 1983



Час ад часу ўсё ж надзвычай карысна азірацца назад, у гісторыю айчыннай папулярнай музыкі. Няхай нават узоры таго, што гучала дваццаць і больш гадоў таму, могуць здавацца сёньня наіўнымі. Але без усяго гэтага, згадзіцеся, не было б і музыкі сёньняшняй. Не было б і “Мэлёдыі дня”.

Эпоха вакальна-інструмэнтальных ансамбляў (а гэта канец 1970-х—пачатак 1980-х гадоў) — пэрыяд надзвычай цікавы. Ён прынес гісторыі папулярных жанраў як шмат сапраўды цікавых прыкладаў, імёнаў ды назваў, так і шмат таго, што пэўна можна называць музычнай макулятурай. Так, перайманьняў ды размаітых копіяў, па-сёньняшняму — клёнаў — было колькі заўгодна!

Аднак толькі ў Беларусі ўзьнік ВІА надзвычай арыгінальны па складу, бо складаўся выключна зь дзяўчат. Ці жанчын, хто ж тут пра ўзрост будзе разважаць. Называўся той ансамбль “Чараўніцы”, гастраляваў ён актыўна па вялікай краіне і карыстаўся пэўным посьпехам. Дарэчы, аранжыроўкі песень для “Чараўніц” рабілі аўтарытэтныя музыканты — Анатоль Архіпаў, Барыс Бернштэйн.

Але, наколькі мне вядома, толькі аднойчы фірма “Мелодия” выдала плытку з чатырма песьнямі ў выкананьні “Чараўніц”. Мусіць, сродкаў у калектыву не было, каб зачараваць кіраўніцтва фірмы на цэлы альбом. “Пах чабаровы” — так называлася адна з выдадзеных тады песень. Музыка Ўладзімера Будніка, словы Кастуся Кірэенкі. Сапраўды архіўная “Мэлёдыя дня”, зь якой і сучасныя кампутары не далі рады.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG