Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Yesterday”, музыка і словы Дж.Ленана і П.Макартні. Ансамбль народнай музыкі “Крэсіва”. Альбом “Крэсіва”, выдавец і год выданьня не пазначаныя



Якое дачыненьне мае творчасьць ансамбля “Бітлз” да беларускай народнай музыкі? Пытаньне, як вы разумееце, праблематычнае, і адказ нібыта просіцца сам сабою: ніякага. Аднак “Мэлёдыя дня” раіць вам не сьпяшацца менавіта з такім адказам. Пачакайце зь якую хвіліну.

Музычны тыдзень завяршаецца, а таму мае сэнс нагадаць, што вы маглі пачуць за шэсьць папярэдніх дзён. Пачалося ўсё зь “Весялухі” ў выкананьні ансамбля “Харошкі”, чый пачын патрымаў Дзяржаўны канцэртны аркестар Беларусі ў п’есе “Стэла пры сьвятле зорак”, адрасаванай закаханым ды сыноптыкам. “Добры вечар, дзяўчыначка” прасьпявалі музыканты групы “NRM”, пажадаўшы тым самым здароўя Ўладзімеру Мулявіну, Кася Камоцкая і “Новае неба” зьвярталіся да душаў тых, хто працягвае жыць на балоце. Квінтэт Ігара Сафонава выканаў “Бэраліна факстрот”, а маладзюткая Карыяна скардзілася на лёс у песьні на паляшуцкі тэкст “Нэкрасыва”.

А зарам будзем слухаць ансамбль “Бітлз” і найбольш вядомы твор з ягонага рэпэртуару. Дакладней, не арыгінал, а кавэр-вэрсію ансамблю народнай музыкі “Крэсіва”. Запіс узяты з кампакт-дыска, адрасаванага найперш заходняму слухачу, вось чаму поруч з народнымі песьнямі музыканты зьмясьцілі на ім і клясыку року. Ва ўласнай, зразумела, аранжыроўцы. Як тое гучыць — мяркуйце самі.

Адно што мне падалося цікавым паказаць менавіта гэтую, нечаканую і нязвыклую вэрсію. Як казаў адзін беларускі кінарэжысэр, гэта таксама мае права на жыцьцё.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG