Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Некрасыва”. Музыка Леаніда Шырына, словы народныя. Выкананьне — Карыяна. Дэма-запіс, 2002



Гэтую сьпявачку, хоць яна і выступала ўжо ў нашай праграме, у Беларусі амаль ня ведаюць нават спэцыялісты. Аднак менавіта пра яе адзін вядомы музыкант сказаў: “На ёй прырода адпачнула па поўнай праграме”. І зараз вы ў гэтым пераканаецеся яшчэ раз.

“Наш адказ Эўрабачаньню” — так можна назваць маладую сьпявачку Карыяну, якая актыўна займацца музыкай, па словах кампазытара ды гітарыста Леаніда Шырына, пачала літаральна два месяцы таму. Аднак на гэты час ёю запісана ўжо дзесяць песень, хоць Карыяна (гэта, як вы разумееце, — псэўданім) заклапочаная найперш вучобаю: яна заканчвае толькі першы курс. Аднак яна выдатна валодае ангельскай мовай, сама піша тэксты песень, якія музычна афармляе той жа Леанід Шырын.

Сярод запісаных твораў ёсьць песьня пад назваю “Нэкрасыва”. Гэта — музычная адаптацыя тэксту народнай песьні з Палесься, і выконвае песьню Карыяна на ўласьцівай для тае мясцовасьці гаворцы. Адсюль і такая назва. Песьня цікавая вось чым. Яна па форме і кампазыцыі цалкам зьмяшчаецца ў рэчышчы клясычнай папулярнай музыкі.

Элемэнт народнасьці тут крыху прыхаваны, не стаіць, прынамсі, на першым пляне, хоць і выконвае сэнсаўтваральную ролю. Гэта, канечне ж, не стылізацыя, а арыгінальная творчасьць на аснове народнай, калі апошняя набывае новую якасьць. Так, якасьць, таму што песьня сапраўды ўражвае літаральна ўсіх, хто яе чуў. І хто ведае, ці не пабачым і не пачуем мы Карыяну ўжо наступным траўнем у Рызе на тым жа “Эўрабачаньні”? Прынамсі, ёй ёсьць што там паказаць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG