Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Добры вечар, дзяўчыначка”. Група “NRM”. Альбом “Пашпарт грамадзяніна NRM”, выдавец не пазначаны, 1999



Традыцыя кавэр-вэрсіяў вядомых песень у беларускай музычнай практыцы ня вельмі распаўсюджаная. Упершыню тое здарылася, калі быў выдадзены альбом “Песьнярок” з новымі прачытаньнямі песень з рэпэртуару “Песьняроў”. Сёньня мы будзем слухаць адну з такіх песень.

Праўду кажучы, гэтая песьня — “Добры вечар, дзяўчыначка” — у праект “Песьнярок” не ўвайшла. Аднак я зусім невыпадкова абраў яе да сёньняшняга эфіру. Спадзяюся, яна хоць нейкім чынам падтрымае Ўладзімера Мулявіна ў складаныя для яго дні.

А падтрымка гэтая зыходзіць ад музыкантаў групы “NRM”, якія ўжо пасьля ўдзелу ў праекце “Песьнярок” зь песьняй “Я паставіў коніка” празь некаторы час зноў зьвярнуліся да рэпэртуару “Песьняроў” і запісалі для альбому “Пашпарт грамадзяніна NRM” вядомы твор — “Добры вечар, дзяўчыначка”.

Зразумела, што музыканты “NRM” — прадстаўнікі ўжо іншага ад “Песьняроў” пакаленьня, яны вырасталі на іншай музыцы. Да таго ж, кавэр-вэрсіі на тое і кавэры, што прадугледжваюць трактоўку вядомых твораў менавіта ва ўласнай выканальніцкай манеры. Гэта ня копіі, а новыя аўтарскія прачытаньні.

Дапускаю, што ня ўсе аднолькава ўхваляць не зусім звыклую, заснаваную на гард-року аранжыроўку дастаткова простай народнай мэлёдыі, калі на слыху дагэтуль варыянт саміх “Песьняроў”. Але й сэнсу ўвесь час хадзіць па набітых каляінах няма аніякага. Пачуемся заўтра, дзяўчыначка!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG