Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Весялуха”. Музыка народная. Ансамбль “Харошкі”. Альбом “Музычная гасьцёўня. Народная музыка”, “Ковчег”, 1997



Першая палова траўня гэтага году напэўна надоўга запомніцца нам па нябачнай колькасьці выходных дзён. А што? Весяліцца — дык весяліцца! Беларусь сапраўды адна з найбольш вясёлых краінаў сьвету. Сёньня “Мэлёдыя дня” працягне настрой агульнае весялосьці.

Калі казаць сур’ёзна, кожнаму вясельлю ўсё ж свой час. Асабліва калі сьвята зьвязанае з той ці іншай значнай падзеяй у жыцьці мастацкага калектыву. Так, напрыклад, да 30-годзьдзя з дня заснаваньня ансамблю “Харошкі” засталося яшчэ два гады, аднак сёлета ансамбль паказаў і новую праграму, і зрабіў вялікія справаздачныя канцэрты. Чым, скажыце, не нагода для весялосьці?

Як вядома, “Харошкі” аб’ядноўваюць як танцавальную, так і інструмэнтальную групы артыстаў, вось чаму, апрача танцаў, гледачы могуць чуць падчас канцэртаў і адмысловыя музычныя нумары. Адна з такіх мэлёдыяў — п’еса “Весялуха”, зьмест якой, як зразумела, прадыктаваны самой назваю.

Гэта традыцыйная аранжыроўка традыцыйнай жа музыкі. На фоне сучасных, часам надзвычай сьмелых ды экспэрымэнтальных прачытаньняў фальклёру маладымі музыкамі, такі стыль выкананьня многім здаецца, дапускаю, крыху стараватым, але ж услухайцеся, як выдатна спраўляюцца з задачай музыканты ансамблю “Харошкі”! Такая музыка будзе дарэчы ў панядзелак, на пачатак новага тыдня.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG