Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Нясьвіж”. Музыка Т.Моўчан, словы І.Ждановіча. Выкананьне — Тацяна Моўчан. Дэма-запіс, 2000



У мяне ёсьць адзін знаёмы музыкант, які зарабляе на жыцьцё вельмі арыгінальным чынам: ён піша на заказ песьні, прысьвечаныя розным гарадам. Сёньня мы пачуем песьню, прысьвечаную беларускаму гораду, якая, аднак, пісалася яўна не на заказ.

Мяжу вясны і лета мы перайшлі, нагадаю, з такімі творамі. “Чырвонай ружай” мы, як маглі, паспрабавалі падтрымаць Уладзімера Мулявіна, прэтэндэнтка на ўдзел у наступным конкурсе “Эўрабачаньня” беларуска Карыяна сьпявала песьню “Hush”, Алена Казанцава выканала рэдкую ў яе рэпэртуары беларускамоўную песьню “Матуля”. Іна Афанасьева і Валеры Дайнека прадставілі дуэтам песьню “Зараніцы”, Данчык сьпяваў “Беларусь мая”, а Стэфан песьняй “Туманы” нагадаў, што лета таксама некалі міне, ператварыўшыся ў восень.

Тацяна Моўчан — сьпявачка з тых, якія, можа, і ня вельмі вядомыя, затое заўсёды запатрабаваныя. Яна вельмі шмат займаецца зь дзецьмі й піша для іх песьні, аднак актыўна выступае і сама, маючы багаты, разнастайны рэпэртуар. Пры гэтым, як і многія, ня можа пахваліцца хоць бы адным выдадзеным альбомам.

Песьня “Нясьвіж”, як лёгка здагадацца, прысьвечаная гэтаму старажытнаму гораду і была напісаная Тацянай Моўчан на верш Івана Ждановіча. Аранжыроўка Андрэя Езавітава. Гэта своеасаблівае прысьвячэньне гораду, які столькі значыць у гісторыі Беларусі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG