Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Hush”. Музыка Л.Шырына, словы Карыяны. Выконвае Карыяна. Дэма-запіс, 2002



У суботу многія з вас былі сьведкамі чарговага конкурсу “Эўрабачаньне-2002”. Гэта быў, здаецца, апошні конкурс, у якім сярод удзельнікаў адсутнічаў прадстаўнік Беларусі. Ужо сёньня аматары папулярнай музыкі пачынаюць задавацца пытаньнем: а ці ёсьць у Беларусі такія сьпевакі, за якіх не было б сорамна? “Мэлёдыя дня” ўпэўнена адказвае: ёсьць! І адну з такіх сьпявачак вы зараз пачуеце.

Як вядома, “Эўрабачаньне” — конкурс вельмі спэцыфічны. Ён не дапускае нават нязначных адхіленьняў ад агульных, некалі вызначаных стандартаў. Тут няма месца экспэрымэнтам, тут усё павінна быць вытрымана, як той казаў, у адпаведным фармаце. А гэты фармат адмоўна ставіцца, напрыклад, да выразнай нацыянальнай афарбоўкі ў музыцы, да нейкіх практыкаваньняў у галіне аранжыроўкі. Ці не таму выступ на гэтым конкурсе Алы Пугачовай не зрабіў на журы вялікага ўражаньня?

Маладая беларуская сьпявачка пад шыкоўным псэўданімам Карыяна літаральна да апошніх дзён не была вядомая нават спэцыялістам. За тыдзень да конкурсу Генэральнае консульства Эстонскай Рэспублікі ў Беларусі наладзіла нешта накшталт рэпэтыцыі “Эўрабачаньня”, падчас якой арганізатары паўжартам прапанавалі паслухаць прэтэндэнтку на ўдзел у конкурсе 2003 году.

Мушу прызнаць: прысутныя былі шакаваныя. Леанід Шырын, які ў свой час выступаў у складзе групы “Новае неба”, напісаў песьню “Hush”, якая цалкам адпавядае патрабаваньням конкурсу. А Карыяна прасьпявала яе так, што за беларусаў сорамна ня будзе ніколі. Зрэшты, пераканайцеся самі. Карыяну, упэўнены, мы пачуем яшчэ неаднойчы. У тым ліку і ў “Мэлёдыі дня”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG