Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Хавайся ў бульбу”, муз. І.Варашкевіча, сл. І.Варашкевіча і Н.Гулак. Альбом “Хавайся ў бульбу”, “Бульба Рэкардз”, 2001



Сёньня, калі ў чарговым выданьні праграмы “Мэлёдыя дня” будзе гучаць гэтая песьня ў запісе, яна напэўна прагучыць у іншай краіне, але ў жывым выкананьні. А гэта сярод іншага азначае і тое, што сапраўдным мэлёдыям дзяржаўныя межы непадуладныя.

Такім чынам, гаворка ідзе пра групу “Крама”. Сёньня яна выступае ў якасьці госьця міжнароднага фэстывалю “Ноц блюзова” ў польскім горадзе Рава-Мазавецка, куды як удзельнік міжнароднага ж конкурсу паехала маладая менская група “Эгаіст”. Яна сапраўды маладая, бо запісаў пакуль ня мае.

А вось “Крама”, упершыню прадстаўляючы Беларусь на фэстывалі, які сёлета адбываецца ў дванаццаты ўжо раз, сапраўды мае што паказаць на высокім узроўні. Альбом “Хавайся ў бульбу” быў выдадзены летась.

Як казалі самі музыканты, з гледзішча якасьці запісаў гэта найлепшая работа калектыву, якая, дарэчы, не прынесла нейкіх стылёвых навінак музыцы “Крамы”. Адно што пацьвердзіла імкненьне музыкантаў выконваць музыку ў рэчышчы рытм-энд-блюзу, хоць і ня ўсе песьні на згаданым альбоме можна бясспрэчна адносіць да блюзавае стылістыкі.

Загалоўная песьня альбому — гэта ёсьць якраз клясычная “Крама” з густым, пругкім гучаньнем. Думаю, яно не пакіне слухачоў абыякавымі і на фэстывалі “Ноц блюзова”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG